Пошук

04.09.2024 13:27   Тэкст і фота: кс. Павел Эйсмант / Catholic.by

2 верасня арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч у межах сваёй паездкі ў Гродзенскую дыяцэзію наведаў Сапоцкін, невялікае мястэчка каля Гродна, цэнтр Сапоцкінскага дэканата.

Там заслужаны іерарх памаліўся разам са святарамі, якія перажываюць рэкалекцыі, а таксама ўзначаліў арганізацыйную сустрэчу па падрыхтоўцы навуковай канферэнцыі аб новай евангелізацыі.

Арцыбіскуп Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святую Імшу ў сапоцкінскім парафіяльным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі для святароў Гродзенскай дыяцэзіі, якія распачалі штогадовыя святарскія духоўныя практыкаванні ў рэкалекцыйным доме Caritas Гродзенскай дыяцэзіі.

Пасля святой Імшы ў зале рэкалекцыйнага дома адбылася арганізацыйная сустрэча, якая мела на мэце каардынацыю намаганняў па арганізацыі навуковай канферэнцыі, прысвечанай пастырскаму году свецкіх і Сіноду біскупаў пра сінадальнасць, тэма якой: «Новая Евангелізацыя ў кантэксце дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі».

У сустрэчы ўзялі ўдзел віцэ-канцлер курыі Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз канонік Антоній Грэмза, намеснік дырэктара Гродзенскага тэалагічнага каледжа імя святога Казіміра ксёндз Анджэй Шчупал CSsR, рэктар Міждыяцэзіяльнай Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ксёндз канонік Віталь Вайцяхоўскі, эканом семінарыі ксёндз Валерый Аброшка, а таксама ксёндз Павел Эйсмант, асабісты сакратар арцыбіскупа Кандрусевіча. Узначаліў арганізацыйную сустрэчу заслужаны іерарх.

На сустрэчы былі абмеркаваныя некаторыя арганізацыйныя пытанні, а таксама акрэслены тэмы выступленняў і дакладчыкі. Была зацверджана праграма навуковай канферэнцыі, якая адбудзецца ў суботу 28 верасня ў будынку Міждыяцэзіяльнай Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Абноўлена 04.09.2024 13:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа