Пошук

22.08.2024 11:19   Тэкст і фота: Алеся Гедроіц / Catholic.by

У перыяд падрыхтоўкі дзяцей да новага навучальнага года валанцёры парафіяльнай суполкі Сaritas, якая дзейнічае пры катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску, 18 жніўня арганізавалі кірмаш узаемадапамогі «Разам у школу».

На пачатку мерапрыемства пробашч сталічнай катэдральнай парафіі ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі благаславіў валанцёраў на добрую справу і плённую працу, а дыякан Аляксандр Шыманскі дапамог у арганізацыі і правядзенні дабрачыннай акцыі.

Больш чым за месяц да кірмашу ў парафіі быў аб’яўлены збор школьных прылад, якія людзі маглі ахвяраваць для далейшай іх рэалізацыі на бясплатным кірмашы. У дзень правядзення мерапрыемства кожны, хто звярнуўся, мог атрымаць для сваіх дзетак неабходныя для школы прылады.

На кірмашы можна было набыць розныя патрэбныя школьнікам рэчы: лінейкі, алоўкі, сшыткі, а таксама пластылін, цацкі, кнігі, абутак і адзенне.

Кожны ахвотны меў магчымасць паўдзельнічаць у бясплатнай латарэі, у якой разыгрываліся школьныя заплечнікі і дзіцячыя настольныя гульні. Была аформлена зона адпачынку для дзетак, дзе можна было памаляваць, пагуляць з мяккімі цацкамі і ў настолкі. Тут жа валанцёры надзімалі фігурныя паветраныя шарыкі, рабілі з іх кветкі і жывёл і дарылі дзецям. Яны дапамагалі падабраць і спакаваць патрэбныя прылады, а таксама проста дзяліліся сваімі ўсмешкамі і адкрытымі сэрцамі ў шчырых гутарках.

Арганізатары кірмашу разлічваюць на тое, што праз падобныя акцыі вернікі могуць адчуць шчырую ўзаемную падтрымку адзін аднаго, а гэта робіць парафію сапраўднай сям’ёй, дзе ўсе падзяляюць супольны клопат.

Ксёндз Дзмітрый Пухальскі разам з парафіяльным Caritas дзякуе ўсім, хто нейкім чынам далучыўся да правядзення дабрачыннай акцыі; тым, хто ахвяраваў рэчы, сродкі, свой час і малітву, а таксама тым, хто завітаў і ўзяў удзел у мерапрыемстве.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа