Пошук

21.07.2024 16:01   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

У нядзелю 21 ліпеня ў санктуарыі Віцебскай дыяцэзіі Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі азёраў, адбылася заключная Эўхарыстыя Чацвёртых Агульнабеларускіх дзён моладзі.

Яны праходзілі ў Браславе з 19 ліпеня і сабралі больш за тры сотні юнакоў і дзяўчат з усіх дыяцэзій Беларусі.

Некаторыя з іх пераадолелі вялікія адлегласці, каб прыбыць на Паазер’е з далёкага Палесся, з Віцебска, Гродна, Магілёва, Мінска і іншых мясцін.

Сёлетні моладзевы форум праходзіў пад дэвізам «Моладзь — радасць і надзея Касцёла ў Беларусі» і быў прымеркаваны да 25-годдзя з часу заснавання Віцебскай дыяцэзіі — самай маладой у нашай краіне.

Перад святой Імшой у браслаўскім касцёле сабраных вітаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які запрасіў узначаліць цэлебрацыю Старшыню Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, які перадусім заўважыў, што падчас Дзён моладзі Браслаў стаў беларускай Канай Галілейскай, дзе маладыя людзі з розных куткоў краіны весяліліся і радаваліся разам з Езусам і Марыяй. Арцыпастыр узгадаў таксама пра свайго папярэдніка, спачылага 13 гадоў таму кардынала Казіміра Свёнтка, першага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, які адышоў у вечнасць 21 ліпеня 2011 года.

Пры гэтым арцыбіскуп падзяліўся, што на наступны навучальны год пакуль няма кандыдатаў у семінарыю з Віцебскай і Пінскай дыяцэзій, а таксама з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, і заахвоціў юнакоў задумацца над выбарам свайго жыццёвага шляху і распазнаннем паклікання.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Станеўскі нагадаў пра тое, што сёлета ў Будславе адбылося прысвячэнне Касцёла на Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, і распавёў пра гісторыю двух абразоў.

Першы з іх быў створаны ў гады Другой сусветнай вайны ў вёсцы Васілеўшчына на тэрыторыі Будслаўскай парафіі. Перад ім вяскоўцы маліліся падчас вайны, каб іх родныя, якія трапілі на фронт ці на прымусовыя працы, шчасліва вярнуліся дадому.

Ужо ў мірны час, гэты абраз яшчэ доўгія дзесяцігоддзі перадвалі з хаты ў хату, каб дзякаваць Езусу Хрысту, які збярог тых, каго даверылі ў апеку Яго Найсвяцейшаму Сэрцу.

Абраз з вёскі Васілеўшчына меў свой прататып, пра які таксама распавёў арцыпастыр. Ён быў створаны больш за 250 гадоў таму італьянскім мастаком Пампэо Батоні для касцёла Іль Джэзу ў Рыме — галоўнай святыні ордэна езуітаў. Іерарх звярнуў увагу на тое, што вобраз Езуса, які працягвае сваё Сэрца на далоні, як быццам дзелячыся ім з усімі людзьмі, быў натхнёны пэўным чалавекам, які на вачах мастака працягнуў жабраку бохан хлеба на далоні.

Арцыбіскуп заахвоціў юнакоў і дзяўчат несці сваім аднагодкам «сэрца на далоні», дзелячыся з імі радасцю і надзеяй і даючы сведчанне хрысціянскага жыцця.

«Ці гэта лёгка зрабіць?.. — спытаўся арцыпастыр. — Ці лёгка падзяліцца з патрабуючым кавалкам хлеба?.. Ідзіце, і вы рабіце таксама», — заклікаў на заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Напрыканцы святой Імшы біскуп Алег Буткевіч падзякаваў усім удзельнікам і арганізатарам Агульнабеларускіх Дзён моладзі ў Браславе, асаблівым чынам адказнаму за душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі ксяндзу Алегу Хмылко, пробашчу браслаўскай парафіі ксяндзу Станіславу Мжыглуду SDS, а таксама арганістцы і кіраўніцы парафіяльнага хора Іне Сапун, якая адказвала за размяшчэнне ўдзельнікаў.

На заканчэнне святой Імшы біскупы ўдзялілі прысутным пастырскае благаслаўленне.

Абноўлена 21.07.2024 16:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця