Пошук

05.07.2024 11:33   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

У ноч перад агульнабеларускім фэстам у гонар Маці Божай Будслаўскай у Нацыянальным санктуарыі адбываліся апошнія прыгатаванні да свята.

Да вечара побач з базылікай ужо сабраны палявы алтар, на якім будуць праходзіць цэлебрацыі. Яго засталося толькі ўпрыгожыць, як і сам касцёл усярэдзіне.

Вядома, ніводнае свята не абыходзіцца без кветак, і ў гэтую пару ў іх няма недахопу.

Ужо не першы год над аздабленнем будслаўскай святыні і палявога алтара на фэст працуе група фларыстаў-валанцёраў з Мінска і Заслаўя.

Напярэдадні свята яны дапазна «чаравалі» ў касцёле над кампазіцыямі з кветак, якія аздобяць урачыстасць, а з самай раніцы працягнулі сваю карпатлівую працу, якая не церпіць мітусні і паспешлівасці.

Інэса Загалавец з мінскага касцёла Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыі і яе паплечніцы Кацярына Атрошчанка з Заслаўя, Таццяна Свабодзіна з Заслаўя, Тэрэза Касцюкевіч з Заслаўя, Марына Агафонава з Мінска і Святлана Паслядовіч з Мінска старанна расстаўлялі розныя кветкі, складаючы з іх гарманічныя рознакаляровыя кампазіцыі.

У гэтых кампазіцыях можна ўбачыць практычна ўсю квецень, што цяпер буяе ў кветніках, садах і на палях Беларусі: ружы, лілеі, гваздзікі, гартэнзіі, дэльфініюмы, хрызантэмы, а таксама званочкі, васількі, рамонкі і яшчэ шмат іншых кветак.

Белыя ружы з гваздзікамі і жоўтыя лілеі — колеры Святога Пасаду — нават каля самога цудазейны абраза Маці Божай Будслаўскай у цэнтральным алтары касцёла. Копія іконы, якую будуць несці ў працэсіях, аздоблена толькі белымі кветкамі — сімвал чысціні і выключнасці Божай Абранніцы.

Цэнтральная кампазіцыя размешчана пад палявым алтаром і паўтарае яго ўзор: з кветак складзена манаграма Марыі, вакол якой — дванаццаць зорак: біблійны сімвал Маці Божай.

З даўніх часоў у Будслаўскай парафіі існуе традыцыя прыносіць на фэст кветкі для Маці Божай.

І сёлета таксама вельмі шмат кветак прынеслі тутэйшыя людзі, каб ад сэрца зрабіць свой падарунак Нябеснай Матулі.

Абноўлена 05.07.2024 12:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.