1 ліпеня ў касцёле святога Арханёла Міхала ў Івянцы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Ккандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы для ўдзельнікаў 30-й пешай пілігрымкі з Баранавічаў у Будслаў.
Некалькі дзясяткаў пілігрымаў 27 чэрвеня пешкі вырушылі ў доўгую дарогу да Маці Божай Будслаўскай і ўвечары 30 чэрвеня прыйшлі ў Івянец.
Іх пілігрымка сёлета праходзіць пад дэвізам: «Трываць у любові да бліжняга і Бога».
Перад тым, як вырушыць у далейшы шлях, яны сабраліся на Эўхарыстыі разам з арцыбіскупам Кандрусевічам. Заслужаны іерарх у прамоўленай гаміліі перадусім адзначыў «ахвярнасць пілігрымаў, якія не засталіся дома і не паехалі ў адпачынак, але кіруюцца ў Будслаўскі санктуарый, бо ведаюць духоўнае значэнне пілігрымкі і тое, што калі сёння не пойдуць, то заўтра гэта будзе немагчыма, бо сённяшні дзень не паўторыцца».
«Час — найбольшая дадзеная нам Богам каштоўнасць, і ён не вяртаецца. Таму яго неабходна выкарыстаць не толькі для паляпшэння нашага дабрабыту, але таксама для фізічнага, культурнага, інтэлектуальнага і духоўнага ўдасканалення. Тысячы пілігрымаў, як большыя і меншыя рэчкі і ручайкі, цякуць у Будслаў, каб там злучыцца ў адну вялікую раку сведкаў Евангелля і шанавальнікаў Марыі перад Яе цудадзейным абразом», — адзначыў арцыпастыр.
Ён заўважыў, што ў Евангеллі на гэты дзень Езус запрашае людзей быць Яго вучнямі і ісці за Ім.
«Гэта прывілея і адначасова вялікая адказнасць. Прывілея, бо дзякуючы сакрамэну хросту мы з’ядналіся з Хрыстом, сталі хрысціянамі з усімі, вынікаючымі з гэтага правамі. Гэта таксама адказанасць, бо ісці за Езусам азначае велікадушна аддаць Яму сваю волю без аніякіх умоваў. Следаванне за Хрыстом і служэнне Яму нельга адкласці на будучыню <…>.
Следаванне за Хрыстом патрабуе ахвяры, любві да Бога і да бліжняга, а таксама адыходу ад таго, што перашкаджае ісці за Ім. Таму дэвіз сёлетняй баранавіцкай пілігрымкі — „Трываць у любові да Бога і бліжняга“ — вельмі добра ўпісваецца ў галоўную думку сённяшніх імшальных чытанняў, якія як быццам паўтараюць словы Езуса, што найвышэйшы закон — гэта любіць Бога ўсім сваім сэрцам, а бліжняга — як самога сябе.
Гэта добра разумела Марыя, якая пагадзілася з Божай воляй і такім чынам дала Богу магчымасць рэалізаваць Яго збаўчы план.
Марыя хоча быць не толькі слугою Бога, але і бліжняга і таму наведвае Альжбету, каб дапамагчы ёй пры нараджэнні Яна Хрысціцеля. Яна не чакае, не адкладае гэтай паслугі на будучыню, але дзейнічае тэрмінова. Пры гэтым Яна прыходзіць у дом Альжбеты не адна, але з яшчэ ненароджаным Езусам і Ягонай ласкай, якая вызваляе таксама яшчэ ненароджанага Яна Хрысціцеля ад першароднага граху. Такім чынам, прыход Марыі ў дом Захарыі і Альжбеты прынёс свае духоўныя плады», — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Ён нагадаў, што, паводле прадказання Сімяона падчас ахвяравання Езуса ў Ерузалемскай святыні, Сэрца Марыі прабіў меч выпрабаванняў, але яны не зламалі Яе: «Яна да канца засталася вернай свайму пакліканню быць Маці Збаўцы і нашай духоўнай Маці», — падкрэсліў заслужаны іерарх.
Сваю гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў заклікам: «Дапамажы нам, Марыя, усвядоміць тэрміновасць магчымасцяў, якія дае нам Бог, каб адказаць на Яго літасцівае запрашэнне наследаваць Хрыста ў будаванні Божага Валадарства».