Пошук

01.07.2024 13:58   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

Раніцай 1 ліпеня вырушыла ў дарогу 32-я пешая пілігрымка з Мінска ў Будслаў, якая сёлета праходзіць пад дэвізам «Любоў яднае».

Больш за тры сотні пілігрымаў, найменшаму з якіх, Натанаэлю, усяго гадок ад нараджэння, за пяць дзён пешкі пераадолеюць 125 кіламетраў і прыбудуць у Нацыянальны санктуарый 5 ліпеня, каб узяць удзел у фэсце Маці Божай Будслаўскай.

Сёлетні Будслаўскі фэст пройдзе 5 і 6 ліпеня; падчас яго адбудзецца прысвячэнне Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Касцёла ў Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.

Пешую пілігрымку з Мінска вядуць ксяндзы хрыстусоўцы, якія нясуць служэнне ў сталічнай парафіі святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Марыі Кольбэ.

Перад тым, як вырушыць у дарогу, пілігрымы сабраліся ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску на святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Вітаючы сабраных у галоўнай каталіцкай святыні сталіцы, іерарх заахвоціў удзельнікаў пілігрымкі маліцца за тых, каго яны сустрэнуць у дарозе, хто будзе прымаць іх на начлег, дзяліцца кубкам сцюдзёнай вады і кавалкам хлеба.

Арцыпастыр цэлебраваў Імшу ў інтэнцыях пілігрымаў, якія ідуць да Маці Божай Будслаўскай, несучы да Яе стоп тое, што ляжыць у іх на сэрцы.

У прамоўленай гаміліі іерарх перадусім нагадаў, што сёлета пілігрымка праходзіць пад дэвізам «Любоў яднае», дадаўшы, што пілігрымы ідуць у дарогу менавіта для таго, каб дакрануцца да гэтай любові, якую дорыць людзям Езус Хрыстус, каб наталіцца Яго моцай, напоўніцца Яго маладосцю і прыгажосцю.

«Мы ідзем, каб яшчэ больш наблізіцца да Езуса Хрыста, да Яго навукі, а таксама да рытму Яго жыцця. Бо так сапраўды мы ідзем, каб адкрыць нашую прыгажосць, бо Бог стварыў нас на сваё падабенства», — адзначыў арцыбіскуп Станеўскі, заахвоціўшы пілігрымаў аднавіць у сабе гэты Божы вобраз.

«Пілігрымка — гэта час адкрытага сэрца на тое, што адбываецца ўва мне; на тое, што адбываецца вакол мяне. Не толькі я іду, але мы ідзем, мы рухаемся наперад», — падкрэсліў арцыпастыр, заклікаўшы да духу братэрства на жыццёвым шляху.

Арцыбіскуп нагадаў таксама пра тое, што пілігрымка адбываецца ў той час, калі адзначаецца 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нацысцкіх захопнікаў, і заахвоціў пілігрымаў падзякаваць за гэта Богу і памятаць у малітвах пра ўсіх тых, дзякуючы каму сёння мы жывем пад мірным небам.

Іерарх нагадаў пра неабходнасць дзяліцца з іншымі сведчаннем сваёй веры: «Мы, хрысціяне, павінны дзяліцца са светам тым, чым мы самі жывем: сустрэчай з Езусам Хрыстом». Гэтае сведчанне веры, па словах арцыбіскупа, становіцца «Евангеллем на далоні», якім мы дзелімся з іншымі людзьмі так, як Езус на абразе працягвае на далоні людзям сваё Найсвяцейшае Сэрца, палымнеючае любоўю.

«„Любоў яднае…“ Любоў яднае нас з Богам, а праз Бога — з іншым чалавекам. Таму — у добры шлях, і няхай на ім нам сустрэнуцца добрыя, спагадлівыя людзі, <…> каб мы маглі сапраўды дайсці да мэты нашага жыцця», — сказаў на заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Станеўскі.

Напрыканцы святой Імшы кіраўнік пілігрымкі ксёндз Алег Шпець SCh звярнуў увагу на пэўныя арганізацыйныя моманты і прадставіў тых, хто падчас дарогі будзе адказваць за розныя справы: за духоўнае кіраўніцтва, за малітву, за спеў, за харчаванне і медыцынскую дапамогу, за лагістыку і гэтак далей.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі пажадаў, каб дзякуючы пілігрымцы «станавілася больш Бога ў сэрцах і ў нашым народзе».

Перад катэдрай арцыпастыр благаславіў пілігрымаў, акрапіў асвячонаю вадою і праводзіў іх у дарогу, машучы ўслед павязанай яму жоўтай пілігрымскай хустачкай.

Больш фота з выхаду пілігрымкі Мінск–Будслаў — на старонках Сatholic.by у сацыяльных сетках.

 

Абноўлена 01.07.2024 13:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця