Пошук

28.06.2024 17:05   Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

28 чэрвеня Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч завяршыў сваё служэнне ў Беларусі. Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі скіраваў з гэтай нагоды падзяку прадстаўніку Святога Айца Папы Францішка, які працягне сваю місію ў Грузіі і Арменіі.

Ваша Эксцэленцыя,

21 мая 2020 года Святы Айцец Папа Францішак прызначыў Вас сваім прадстаўніком у Беларусі, а 16 верасня Вы прынялі біскупскае пасвячэнне ў касцёле Святой Сям’і санктуарыя Маці Божай Астраўной у Соліне (Харватыя), якое ўдзяліў вам Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы Францішка кардынал П’етро Паралін. Тады вы звярнуліся да беларускіх вернікаў словамі: «Малюся да Дзевы Марыі, каб заўсёды натхняла вас, дапамагала ў цяжкія моманты вашага жыцця», — і ўжо з 3 лістапада таго ж года Вы з радасцю прыступілі да выканання абавязкаў на нашай Бацькаўшчыне.

Сёння, 28 чэрвеня 2024 года, Папа Францішак прызначыў вас Апостальскім нунцыем у Грузіі і Арменіі, а гэта значыць, што, на жаль, прыходзіць час развітання.

З гэтай нагоды дазвольце, Ваша Эксцэленцыя, ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, духавенства, кансэкраваных асобаў, вернікаў і людзей добрай волі выказаць Вам словы падзякі за Вашу працу і якасна выкананыя абавязкі.

Некаторыя з гэтых абавязкаў былі звычайнымі, а некаторыя — надзвычайнымі. Нунцый мае заданне перадаваць інфармацыю ў двух кірунках: ад касцёльных устаноў у пэўнай краіне да Святога Пасаду і ў зваротным кірунку. Што датычыцца дзяржаўных структур, то нунцый выконвае функцыю, аналагічную той, якую выконваюць амбасадары іншых краін у адпаведнасці з тым, што вызначана Венскай канвенцыяй аб дыпламатычных зносінах.

Вы, Ваша Эксцэленцыя, прынеслі нам скарб багатага вопыту працы ў дыпламатычных прадстаўніцтвах Святога Пасаду ў Расіі, Індыі, Ганконгу і з самага пачатку захапілі нашыя сэрцы сваёй любоўю да Беларусі і яе народа. Вы актыўна ўдзельнічалі ў жыцці мясцовага Касцёла, наведалі вялікую колькасць парафій і ўзначалілі цэлебрацыі. У вашых казаннях пераважае дабрыня, глыбокая вера, практычны падыход да патрабаванняў Евангелля на сённяшні дзень.

Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, духавенства, кансэкраваных асоб, вернікаў і людзей добрай волі хачу падзякаваць Вам за вашыя намаганні і працу дзеля захавання міру і салідарнасці ў нашым народзе.

Такім чынам, Каталіцкі Касцёл у Беларусі дзякуе Вам за служэнне на нашай Бацькаўшчыне і ад усяго сэрца жадае, каб Ваша новая місія ў якасці Апостальскага Нунцыя ў Грузіі і Арменіі прынесла шмат духоўнага дабра нашым братам і сёстрам гэтых сяброўскіх для нас краін.

Запэўніваем Вас у нашай малітве перад тронам Маці Божай у Будслаўскай святыні — Нацыянальным санктуарыі — і ў кожным куточку нашай Бацькаўшчыны. Святога Антонія Падуанскага просім аб духоўнай падтрымцы на новым месцы вашага служэння.

З удзячнасцю і малітвай,

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

г. Мінск, 28 чэрвеня 2024 г.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.