Пошук

21.06.2024 19:00   Catholic.by

ЗВАРОТ

Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
арцыбіскупа Юзафа Станеўскага,
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага,
у сувязі са святкаваннем урачыстасці Маці Божай Будслаўскай

  • Тэкст Зварота для друку ТУТ>>>

Шаноўныя браты ў біскупскім служэнні, святары, манаскія асобы, семінарысты, любая моладзь, дарагія дзеці, браты і сёстры, людзі добрай волі!

Ужо неўзабаве, як і штогод, мы сустрэнемся на ўрачыстасці Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе — як мы кажам, на Будслаўскім фэсце. Нацыянальны санктуарый Маці Божай збярэ нас на адно з найважнейшых Марыйных святаў Касцёла ў Беларусі (праграма ТУТ>>>).

Cардэчна запрашаю вас 5 і 6 ліпеня ў Будслаў, каб і сёлета мы маглі разам сустрэцца, памаліцца і дзякаваць за «вялікія справы», якія Пан Бог учыніў нам у мінулым годзе, і папрасіць Яго дапамогі на будучыя здзяйсненні.

Мае дарагія, мы ведаем, што Марыя — наша Каралева, і такім чынам жадаем паказаць, што хочам, каб Марыя вяла нас, каб ахінала нас матчынай апекай, падтрымлівала і падказвала, як тады на вяселлі ў Кане Галілейскай, што нам зрабіць у наш час, каб нашае жыццё адпавядала Божай волі: праз Беззаганнае Сэрца Марыі да Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

Гэты год — асаблівы.

Сёлета мы здзейснім Інтранізацыю, гэта значыць прысвячэнне Касцёла на Беларусі, кожнага з нас, Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, як гэта зрабілі нашыя продкі 125 гадоў таму па закліку Папы Льва XIII.

Браты і сёстры, зразумела, што не ўсе змогуць прысутнічаць на гэтай урачыстасці у Будславе з розных прычын: з-за працы, вучобы, апекі над малымі дзяцьмі, чування пры ложку састарэлай або нямоглай асобы, службы ў войску або заключэння ў месцах зняволення. Мы абяцаем нашу малітву за вас, і я прашу вас яднацца з намі духоўна ў гэтыя дні на малітве Інтранізацыі.

Найсвяцейшае Сэрца Езуса, супакой і паяднанне нашае, змілуйся над намі.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 21 чэрвеня 2024 г.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа