Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка
ПАВЕДАМЛЕННЕ
вернікам Пінскай дыяцэзіі
адносна малітоўнай падрыхтоўкі
да прысвячэння Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса
Пінскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай Мітраполіі
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!
Далучаючыся да закліка Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, каб скіраваць да Пана Бога малітву падзякі за нястомную апеку Маці Божай над Касцёлам у нашай краіне, а таксама за шчодрасць атрыманых ласкаў ад Пана, запрашаю ўсіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі да ўдзелу ва ўрачыстасцях у нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай 5–6 ліпеня 2024 года, падчас якіх будзе здзейснены малітоўны Акт прысвячэння ўсяго Каталіцкага Касцёла на Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса з нагоды 125-годдзя прысвячэння Яму ўсяго чалавецтва Папам Львом ХІІІ.
Як чытаем у Пасланні Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, «гэтае прысвячэнне <…> усяго Каталіцкага Касцёла на Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса стане падзякай за атрыманыя ласкі, перапрашэннем і ўміласціўленнем за ўчыненыя грахі, просьбай аб умацаванні веры і любові, каб мы заставаліся вернымі Евангеллю, вернымі нашаму Збаўцу Езусу Хрысту, нягледзячы на новыя выклікі і выпрабаванні.
У Акце інтранізацыі будзем прасіць аб еднасці ў нашых сем’ях і іх аднаўленні, каб яны былі асяродкамі любові і міру, свабоднымі ад здрады, агрэсіі і насілля, адкрытымі для новага жыцця і здольнымі перадаваць веру і традыцыю продкаў новым пакаленням. Будзем прысвячаць Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса нашую моладзь, каб яна знаходзіла сэнс жыцця і ішла за голасам Бога, каб сэрцы маладых людзей палалі любоўю да Збаўцы, каб іх энтузіязм і вера аднаўлялі Касцёл» (гл. Пасланне арцыбіскупа Станеўскага, 2 ліпеня 2023 г.).
Таксама падчас сёлетняга святкавання ўрачыстасці Найсвяцейшага Сэрца Езуса, 7 чэрвеня 2024 года, заахвочваю душпастыраў і ўсіх вернікаў кожнай парафіі здзейсніць урачыстае прысвячэнне Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса сябе асабіста, сужэнствы і сем’і, парафіі і разнастайныя супольнасці мясцовага Касцёла.
Акрамя таго, заахвочваю ўсіх вернікаў, каб падчас урачыстасці Найсвяцейшага Сэрца Езуса ўзнесці да Бога малітву падзякі і просьбу аб шчодрым благаслаўленні для ўсіх дабрадзеяў і ахвярадаўцаў, для кожнай асобы, якая падтрымлівае Хрыстовы Касцёл на нашай зямлі духоўна і матэрыяльна.
Няхай гэтыя асаблівыя дні малітвы і ўшанавання Найсвяцейшага Сэрца Езуса, калі мы ўзгадваем 125-годдзе прысвячэння Яму ўсяго чалавецтва, дапамогуць вернікам Касцёла ў нашым рэгіёне з яшчэ большай руплівасцю падрыхтавацца да святкавання вялікага Юбілею Адкуплення, а таксама сотай гадавіны стварэння Пінскай дыяцэзіі.
З пастырскім благаслаўленнем,
✠ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Пінск, 5 чэрвеня 2024 г.