Пошук

16.06.2024 12:21   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота Міколы Новікава

У Дзень медыцынскага работніка, які ў Беларусі адзначаецца ў трэцюю нядзелю чэрвеня, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, дзякуе медыкам за іх высакародную працу і віншуе з прафесійным святам.

Паважаныя браты і сёстры медыкі,

сардэчна віншую вас з прафесійным святам — Днём медыцынскага работніка!

Дарагія браты і сёстры, вы прынялі на сябе няпростыя абавязкі: быць міласэрным Самаранінам з Евангельскай прыпавесці, і гэта сапраўднае пакліканне кожнага медыцынскага работніка. Бо сам Хрыстус сказаў: «Я быў хворы, і вы адведалі Мяне <…>. Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 36. 40). Таму для веруючага чалавека сустрэча з хворым, нямоглым — гэта сустрэча з Хрыстом, нашым Збаўцам.

Мае дарагія, служэнне медыкаў — гэта подзвіг ахвярнай любові да людзей.

Лячэнне і нясенне палёгкі чалавеку ў хваробе патрабуе не толькі глыбокіх ведаў, але і высокіх чалавечых якасцяў: самаадданасці, спагады і добразычлівасці. Ужо ў II стагоддзі да Нараджэння Хрыстова аўтар Кнігі Сіраха сведчыць чытачам, што здароўе і дабрабыт цела даражэй за ўсялякае золата, а моцнае цела — лепш за незлічонае багацце (пар Сір 30, 15), таму старазапаветны мудрэц заклікае чытача шанаваць лекара гонарам (пар Сір 38, 1).

Шаноўныя медыцынскія работнікі! Няхай Пан Бог, які аздараўляе тых, хто хварэе, надзяляе моцаю церпячых, спашле вам душэўныя і цялесныя сілы, бадзёрасць духу і сваю бясконцую дапамогу ў вашым цяжкім і адказным служэнні дзеля здароўя беларускага народа.

З малітвай, павагай і ўдзячнасцю

Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Абноўлена 16.06.2024 12:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця