Пошук

03.06.2024 00:00   Тэкст і фота: Раман Ярмош / Catholic.by

На працягу актавы ўрачыстасці Божага Цела ў розных мясцінах адбываюцца Эўхарыстычныя працэсіі. У Іўі (Гродзенская дыяцэзія) працэсія прайшла ў нядзелю 2 чэрвеня.

У дзень шэсця з Найсвяцейшым Сакрамэнтам вуліцы райцэнтра па традыцыі становяцца арт-пляцоўкай незвычайнай формы сакральнага мастацтва: прыгожых, але, на жаль, недаўгавечных дываноў з кветак.

Пялёсткі кветак, сабраныя ў непаўторныя яскравыя дываны, з’яўляюцца данінай, якую жыхары горада прысвячаюць Езусу, прысутнаму ў Найсвяцэйшым Сакрамэнце.

Падрыхтоўка такой прыгажосці патрабуе таленту, сіл і фантазіі. Для таго, каб аформіць такія дываны, найчасцей выкарыстоўваюць васількі, бэз, ружы, рамонкі, а таксама лісце папараці, мох, кару альбо звычайную скошаную траву.

Дарэчы, сёлета самымі папулярнымі кветкамі былі півоні і лубін: менавіта іх пераважна выкарыстоўвалі для дывановых узораў.

Стваральнікамі дываноў сталі ўдзельнікі касцёльных рухаў «Легіён Марыі» і «Маці ў малітве», якія дзейнічаюць пры івейскай парафіі, міністранты і жыхары аднаго з мікрараёнаў горада, а таксама бацькі дзяцей, якія сёлета прынялі Першую Камунію. Для гэтых дзетак працэсіяй закончыўся «белы тыдзень».

Працэс стварэння кветкавых дываноў пачынаецца загадзя. На пачатку тыдня людзі збіраюцца, каб абмеркаваць дызайн алтароў і дываноў, падзяліцца думкамі на гэты конт. Потым наступае працэс збору матэрыялу для творчасці.

У суботу напярэдадні збіраецца каркас алтароў і падрыхтоўваецца зеляніна для дываноў, а раніцай нядзелі ўся гэтая прыгажосць з’яўляецца на цэнтральнай плошчы горада. Трэба адзначыць, што стварэнне алтароў у Іўі распачалося а шостай гадзіне раніцы, і ўжо праз дзве гадзіны усё было гатова.

Адзін з прыпынкаў Эўхарыстычнай працэсіі адбываўся каля помніка ў гонар адзінства і сяброўства традыцыйных веравызнанняў Івейшчыны. Дыван перад гэтым алтаром стаў самым вялікім па памерах: 15 на 20 метраў.

Гэты алтар рыхтавалі сем’і, з якіх дзеці ў гэтым годзе прынялі Першую святую Камунію.

Алтар, які рыхтаваў «Легіён Марыі», упрыгожваў дыван з кветкавым ружанцам, а на алтары, створаным рукамі ўдзельніці малітоўнага руху «Маці ў малітве», былі складзены словы «Прыйдзі, Дух Святы». На іншых дыванах былі прадстаўлены розныя эўхарыстычныя сімвалы: келіх з вінаградам, сэрца, крыж, сонца і розныя ўзоры.

У падрыхтоўцы працэсіі ўзялі ўдзел амаль сотня чалавек, а ў самім шэсці з Найсвяцейшым Сакрамэнтам па вуліцах горада прайшлі каля тысячы вернікаў.

 

Абноўлена 03.06.2024 00:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця