Пошук

29.05.2024 01:01   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Аляксей Ціхан / Grodnensis.by

27 мая ў парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мікелеўшчыне (Гродзенская дыяцэзія, Мастоўскі дэканат) адбылося пахаванне ксяндза каноніка Рышарда Якубца, які адышоў у вечнасць 22 мая на 64-м годзе жыцця.

На пахавальнай Імшы ў невялікай святыні гэтай парафіі, дзе спачылы шмат гадоў быў пробашчам, сабралося больш за 100 святароў з усіх дыяцэзій Касцёла на Беларусі.

Сярод іх былі тыя, хто належаў да парафіі ў Мікелеўшчыне і абраў святарскі шлях па прыкладзе свайго пробашча.

Прысутнічалі законныя сёстры з розных манаскіх супольнасцяў і шмат свецкіх вернікаў, у тым ліку парафіяне ксяндза Рышарда. Удзельнікі пахавальнай цырымоніі маліліся аб тым, каб Бог прыняў у Нябеснае Валадарства свайго слугу, які рупліва здзяйсняў святарскае служэнне на Мастоўшчыне і Шчучыншчыне.

Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў найстарэйшы каталіцкі іерарх у Беларусі, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец.

Прысутных прывітаў і ўвёў у настрой пахавальнай літургіі біскуп каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі Уладзімір Гуляй.

Іерарх падкрэсліў, што супольнасць Касцёла на Гродзеншчыне павінна быць удзячная Пану Богу за дар такога святара, як ксёндз Рышард, які прычыніўся да будаўніцтва святыняў у Мастах і Правых Мастах, да аднаўлення іншых святыняў і нараджэння многіх пакліканняў да святарскага і манаскага жыцця.

Ксёндз канонік Генрых Яблонскі, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Забалаці (Гродзенская дыяцэзія, Радунскі дэканат), у гаміліі адзначыў вялікую пакору і прастату сэрца ксяндза Рышарда. Ксёндз Генрых, які вучыўся разам з ім у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Рызе, узгадаў, што той заўсёды аддаваў сябе ў распараджэнне людзям, стараўся быць даступным для ўсіх, хто звяртаўся да яго.

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч напрыканцы Імшы выказаў падзяку спачыламу святару за пабудаваныя і адноўленыя касцёлы, а найперш за сотні і тысячы адноўленых чалавечых сэрцаў, якім служэнне ксяндза Рышарда дапамагала нанава адшукаць Божую ласку і спазнаць Яго міласэрнасць.

Ксёндз Андрэй Лішко, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве, які належыць да шэрагу выхаванцаў ксяндза Рышарда, падзякаваў усім, хто прыбыў на пахаванне і хто маліўся за святара ў час яго хваробы і пасля смерці.

Пробашч дзятлаўскай парафіі падкрэсліў, што дзякуючы прыкладу спачылага шэсць чалавек з вёскі, якая налічвае менш за 200 жыхароў, адкрылі пакліканне да святарства і сёння служаць у Гродзенскай дыяцэзіі.

Абрад апошняга развітання з памерлым правёў генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Ксёндз Рышард быў пахаваны на цвінтары каля парафіяльнага касцёла, пра які так клапаціўся, стараючыся, каб святыня заўсёды была поўная вернікаў.

Ксёндз канонік Рышард Якубец нарадзіўся 23 сакавіка 1961 г. Паходзіў з парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Струбніцы (Гроденская дыяцэзія, Мастоўскі дэканат). Прэзбітэрскае пасвячэнне ўдзяліў яму 31 мая 1987 г. у Рызе біскуп Яніс Цакулс.

Пасля пасвячэння служыў на працягу года ў Латвіі, потым вярнуўся ў Беларусь. Быў вікарыем у парафіі св. Вацлава ў Ваўкавыску, таксама служыў, між іншым, у Шчучыне, Каменцы, Дзембраве.

Прычыніўся да аднаўлення знішчанага касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла ў Ражанцы і будаўніцтва двух новых касцёлаў: Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах і святога Яна Хрысціцеля ў Правых Мастах.

З 1992 г. да смерці быў пробашчам парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мікелеўшчыне. Шмат гадоў быў дэканам Мастоўскага дэканату. Быў адным з першых канонікаў Гродзенскага катэдральнага капітулу.

Адышоў у вечнасць 22 мая ў шпіталі ў Гродне.

Абноўлена 29.05.2024 01:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.