Пошук

19.04.2024 16:16   Catholic.by

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
СВЯТАР — ПАСТЫР, ЯКІ ВЯДЗЕ НА ПАШЫ БОЖАЙ ЛАСКІ
Слова на нядзелю Добрага пастыра 2024

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Сёння, у сярдзіне велікоднага перыяду, Каталіцкі Касцёл адзначае нядзелю Добрага Пастыра, якім ёсць Езус Хрыстус (пар. Ян 10, 11).

Чаму Езус выкарыстаў вобраз Пастыра? Гэтая метафара паходзіць з біблійнай традыцыі, паводле якой пастыр клапоціцца пра статак авечак.

Пастырамі габрэі таксама называлі адказных за народ святароў, каралёў і кіраўнікоў дзяржаў.

У Палестыне пастух на ноч заводзіў авечкі ў аўчарню. Гэта была круглая каменная загарода з адтулінай, праз якую яны ўваходзілі, а раніцай выходзілі на пашу. У ёй спаў пастух, і авечкі не маглі выйсці, не пераступіўшы праз яго. Адсюль паходзіць параўнанне Езуса з брамай для авечак.

2. Сучасны чалавек, які імкнецца да аўтаноміі і абсалютнай незалежнасці, з пагардай адкідае ролю авечкі і ідэю статка. Але, як іронія лёсу, у той жа час ён сутыкаецца з імі ў практыцы штодзённага жыцця, хоць не заўсёды свядома. Адным з найбольш бачных праяваў сучаснага грамадства з’яўляецца яго ператварэнне ў масу. Самі таго не ўсведамляючы, мы паддаемся разнастайным маніпуляцыям і перакананням. Ямо тое, што нам прапануюць супермаркеты, не зважаючы на неэкалагічнасць прадуктаў. Імкнемся апранацца згодна з модай, хоць гэта далёка не заўсёды зручна. Паўтараем тое, што чуем, хоць часта з гэтым не згаджаемся.

Між тым перад абліччам выклікаў сучаснасці, асабліва дэмаралізацыі і няўпэўненасці ў заўтрашнім дні, мы адчуваем патрэбу ў пастырах, якія не пакінуць нас адных.

Менавіта таму Касцёл заклікае да малітвы аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця.

3. Без святара Касцёл не зможа ў поўнай меры рэалізаваць сябе як сакрамэнт паўсюднага збаўлення, бо ён дзейнічае не сваёй моцай, а моцай Хрыста. Нездарма Касцёл называе святара аlter Christus — «другі Хрыстус».

Для здзяйснення справы збаўлення Хрыстус заўжды прысутнічае ў сваім Касцёле, асабліва ў літургічных дзеяннях. Прысутнічае ў ахвяры святой Імшы ў асобе цэлебранта і ў эўхарыстычных постацях. Прысутнічае ў сакрамэнтах: калі хтосьці ўдзяляе хрост, то хрысціць сам Хрыстус. Прысутнічае ў сваім слове, бо калі ў Касцёле чытаецца Святое Пісанне, то Ён сам прамаўляе. Прысутнічае, калі Касцёл моліцца і спявае псальмы (пар. SC 7). Таму мы бачым, што заданне святара супадае з заданнем Хрыста, а менавіта — збаўленне чалавечых душаў.

На франтоне катэдры францускага горада Шартр знаходзіцца барельеф аб стварэнні і збаўленні свету. Збаўленне прадстаўлена над парталам, дзе Хрыстус стаіць плячо ў плячо з чалавекам. Абодва глядзяць у адным кірунку. Гэта азначае, што яны маюць тое ж самае заданне. Няцяжка зразумець, што ім з’яўляецца збаўленне чалавека. З гэтай мэтай у сакрамэнце святарства аб’ядналіся боскія і чалавечыя сілы.

4. У час інфарамцыйных тэхналогій і штучнага інтэлекта мы вельмі часта карыстаемся Інтэрнэтам з мэтай атрымаць тую ці іншую інфармацыю або параду, у тым ліку і ў духоўных справах. Такім чынам бяздушны Інтэрнэт становіцца нашым віртуальным пастырам. Разам з тым як людзі веруючыя мы павінны выбіраць нашым пастырам не Інтэрнэт, але Хрыста, які з’яўляецца адзіным Збаўцам свету ўчора, сёння і ва ўсе часы (пар. Гбр 13, 8).

Нядзеля Добрага Пастыра прадстаўляе нам Езуса, які няспынна апякуецца намі і абараняе ў самыя складаныя хвіліны нашага жыцця.

Ён не вагаўся добраахвотна аддаць за нас сваё жыццё на дрэве крыжа, што стала апагеям любові Бога да чалавека, як навучае Папа Бэнэдыкт XVI (пар. DCE, 12).

Гэты вобраз Добрага Пастыра быў прадказаны прарокамі і рэалізаваўся ў асобе Езуса Хрыста, каб ажыццявіць надзею Божага народа.

5. Езус мог назваць сябе модным сёння словам: «Добры мэнаджэр», але назваўся Добрым Пастырам. Чаму? Мэнаджэр — гэта той, хто кіруе перадусім даручанымі яму эканамічнымі справамі.

Каб зразумець, чаму Езус назваў сябе Добрым Пастырам, а не мэнаджэрам, неабходна падкрэсліць, што пастыр заўсёды знаходзіць час для сваіх авечак. Гэта можа быць дзень ці ноч, сонца, снег ці дождж — няважна: ён заўсёды з авечкамі. Для Добрага Пастыра даступнасць — гэта тое, што не падлягае абмеркаванню і не можа быць дэлегавана камусьці іншаму.

Між тым мэнаджэр перш за ўсё глядзіць на прыбытак. Дэвіз яго дзеяння: час — гэта грошы, бо за час выконваецца праца, і ад часу працы залежыць прадукцыйнасць і заробак.

Час для пастыра — гэта таксама вялікая каштоўнасць, аднак не з пункту гледжання працы і заробку, але любові. Таму ён стараецца прытрымлівацца прынцыпу: што такое час без любові і што такое любоў без часу?

Нарэшце, пастыр будзе прабываць на пашы да канца часоў. Мэнаджэра хвалююць праекты, тэрміны выканання, акупляльнасць інвестыцый, квоты, графікі і іншыя паказчыкі. Ён толькі на пэўны час. Пастыр жа гатовы да доўгага шляху.

Яго праект — на ўсё жыццё. Яго тэрмін — вечнасць.

6. Нам патрэбныя добрыя мэнаджэры, але яшчэ больш патрэбныя добрыя пастыры, каб весці Божы народ на зялёныя пашы Божай ласкі.

Святар з’яўляецца тым, хто пайшоў за голасам Езуса і акунаецца ў гісторыю Божага народа як заступнік перад Богам. Ён спадарожнічае тым, хто даверыўся яму, і становіцца для іх жывым Евангеллем, знакам і інструментам міласэрнай любові Бога Айца, місіянерам і сведкам Божага слова. Ён пакліканы для таго, каб лячыць зламаныя сэрцы людзей. Псальміст кажа: «Пан — мой пастыр, ні ў чым не буду мець нястачы» (Пс 24 (23), 1).

Менавіта таму дзякуючы Добраму Пастыру, які дзейнічае праз святара, мы можам атрымліваць патрэбную для збаўлення Божую ласку. Нездарма Папа Бэнэдыкт XVI кажа, што святар павінен быць спецыялістам у галіне сустрэчы чалавека з Богам.

Касцёл у Беларусі і нашае грамадства адчуваюць вялікую патрэбу ў духоўных анэстэзіёлагах, якія аблегчаць боль духоўнага жыцця і заглушаць зло гэтага свету дабром. Сёння, як ніколі раней, патрэбныя духоўныя дыетолагі, якія дапамогуць адрозніць здаровую духоўную ежу ад таксічнай. Нарэшце, як паветра, патрэбныя духоўныя рэабілітолагі, бо хто з нас не паранены?..

Грамадству патрэбныя духоўная настаўнікі, верныя Хрысту і любячыя Касцёл.

Падобна святому Пятру, на выклікі секулярнага часу яны павінны адважна навучаць праўдзе, што толькі Езус мае словы жыцця вечнага (пар. Ян 6, 68). Яны павінны разам са святым Паўлам паўтараць: «Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля» (1 Кар 9, 16).

7. Рэфрэн рэспансарыйнага псальма IV Велікоднай нядзелі: «Камень, адкінуты будаўнікамі, стаў галавою вугла» (Пс 118 (117), 22) з’яўляецца ўказаннем на Езуса Хрыста. Ён прыйшоў да сваіх, але яны Яго не прынялі (пар. Ян 1, 11). Ён быў адрынуты грамадствам і пакараны крыжовай смерцю. Але сваім Уваскрасеннем вярнуў усё на сваё месца і стаўся вуглавым каменем новай рэчаіснасці збаўленых людзей — святога Касцёла, па-за якім няма збаўлення.

У часы ваяўнічага атэізму рэлігію называлі «опіюмам народа», і шмат святароў цярпелі ганенні і пераслед. Людзі заставаліся без духоўнай апекі, бо, як кажа Святое Пісанне, «удару пастыра, і рассеюцца авечкі статку» (Мц 26, 31).

Тры пакаленні католікі Беларусі былі рассеяным статкам, бо катастрафічна не хапала святароў. Сёння маем добрыя магчымасці для фармацыі святароў, але, на вялікі жаль, вельмі мала пакліканняў, што не прадвяшчае нічога добрага для будучыні Касцёла. Неабходна памятаць пра тое, што святары не бяруцца з космасу ці з іншых галактык, але з нашых сем’яў і грамадства.

Крызіс святарскіх і манаскіх пакліканняў вынікае, між іншым, з боязі прысвяціць сябе служэнню Богу і людзям.

Мы жывем у культуры аднаразовага выкарыстання, якая негатыўна ўплывае на маладых людзей пры прыняцці адказных рашэнняў. Яны проста баяцца. Нездарма Папа Францішак у сёлетнім Пасланні на 61-ы Дзень малітваў аб пакліканнях заклікае прачнуцца ад сну, выйсці з абыякавасці і адчыніць краты вязніцы, у якой мы самі замыкаемся, каб адкрыць сваё пакліканне ў Касцёле і стаць пілігрымамі надзеі і будаўнікамі міру.

Усё залежыць толькі ад нас саміх. Ад нашых сем’яў, якія павінны стаць крыніцамі пакліканняў. Ад парафіяльных супольнасцяў, дзе пакліканне раскрываецца. Ад біскупаў, душпастыраў і кансэкраваных асобаў, якія сваім прыкладам дапамагаюць пакліканым распазнаць свой жыццёвы шлях і пакіраваць ім. Ад нашай асабістай і супольнай малітвы аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця.

Новым імпульсам для інтэнсіфікацыі душпастырства пакліканняў павінна стаць прызначэнне Папам Францішкам новага біскупа кааад’ютара Гродзенскай дыяцэзіі — дасведчанага душпастыра моладзі ксяндза каноніка Уладзіміра Гуляя. Да малітоўнай падтрымцы ў падрыхтоўцы да яго біскупскага пасвячэння я сёння заклікаю.

Перад выклікам крытычна малой колькасці пакліканняў усе мы павінны зрабіць рахунак сумленння і адказаць на пытанне, ці робім усё магчымае і ад нас залежнае для таго, каб пакліканыя пачулі голас Хрыста. Езус кліча столькі, колькі патрэбна, але ў мітусні сучаснага секулярнага свету, які адкідае духоўныя каштоўнасці, маладыя людзі не чуюць Яго голасу.

Няхай жа нашыя супольныя намаганні, асабліва малітва, выпрасяць у Бога дар святых пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця, каб у нашай краіне былі не толькі выдатныя мэнаджэры, але добрыя і святыя пастыры, якія будуць весці Божы народ на зялёныя пашы Божай ласкі.

Давяраючы ўсіх вас апецы Марыі, Маці святароў і кансэкраваных асобаў, ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Старшыня Камісіі агульнага душпастырства
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Мінск, 14 красавіка 2024 г.,
Трэцяя велікодная нядзеля

 

 

Абноўлена 19.04.2024 16:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця