13 красавіка ў Рыма-каталіцкай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мёрах (Віцебская дыяцэзія) адбылася незвычайная культурная падзея.
Як паведамляецца на парафіяльным сайце Kascelmery.by, ураджэнец Мёршчыны, вядомы мастак Вячаслаў Шамшур, у прысутнасці мёрскага пробашча ксяндза Андрэя Куліка, шматлікіх вернікаў і гасцей урачыста перадаў у дар парафіі 14 сваіх палотнаў, якія, у асноўным, прысвечаны яго малой радзіме.
Карціны былі дастаўлены з Віцебска пры падтрымцы Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пятра Машэрава, у якім Вячаслаў Шамшур працуе з 1970 года. Работы, напісаныя ў тэхніцы пастэль, мастак стварыў на працягу 1997–2020 гадоў.
На палотнах касцёл, набярэжная, старыя мёрскія вуліцы, а таксама вясковыя пейзажы, балота Ельня, Друя-Педруя і нават Кракаў.
Перад урачыстай імпрэзай у бакавой наве касцёла была зладжана выстава, на якую завіталі родныя і знаёмыя аўтара, а таксама тыя, хто цікавіцца мастацтвам.
Бліжэй пазнаёміцца з вядомым земляком і яго творчасцю прыйшлі таксама навучэнцы раённай школы мастацтваў, якія з непадробным захапленнем вывучалі творы майстра.
Пасля агульнага азнаямлення з выставай распачалася міні-канферэнцыя. З уступным словам да прысутных звярнуўся арганізатар імпрэзы вядомы празаік і публіцыст Франц Сіўко (таксама ўраджэнец Мёршчыны, які, між іншым, пад псеўданімам Францішак Дубраўскі піша і на рэлігійныя тэмы — заўв. аўт.). Франц Сіўко падкрэсліў, што парафія перажывае важную культурную падзею.
Мастак Вячаслаў Шамшур нарадзіўся 20 жніўня 1942 года ў вёсцы Пціцкія і ўжо з малых гадоў праяўляў цікавасць да малявання. У 1962 годзе ён паступіў на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута і з той пары жыве і працуе ў Віцебску, аднак ніколі не губляў сувязі з Мёршчынай.
Цяпер дзякуючы паразуменню і падтрымцы з боку мёрскай парафіі шэраг прац мастака будзе захоўвацца на яго малой радзіме, дзе іх змогуць убачыць жыхары і госці райцэнтра.
Пра творчасць і навуковую дзейнасць Вячаслава Шамшура апавёў яго калега Міхась Цыбульскі — яшчэ адзін вядомы беларускі жывапісец і педагог, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт кафедры выяўленчага мастацтва Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пятра Машэрава.
Выступоўца адзначыў, што Вячаслава Шамшура нярэдка называюць «класікам пейзажнага жанру, і ў гэтым няма вялікага перабольшвання». Яго творы ў поўнай меры адлюстроўваюць сучасныя ўяўленні пра пейзаж. Мастак пачынаў з лінарытаў (гравюра на лінолеуме) і на працягу некалькіх гадоў выдатна засвоіў гэтую тэхніку. Ужо ў ёй мастак прадэманстраваў свае лепшыя якасці графіка, сапраўднага майстра кампазіцыі. Пачынаючы з 1990-х гадоў Вячаслаў Шамшур больш увагі надае тэхніцы пастэлі, якая ў яго творчасці набыла новае гучанне, жывапісную дэкаратыўнасць і падкрэсленую дынаміку.
«Шчырасць у творчасці Вячаслава Шамшура — гэта ў першую чаргу адкрытасць яго асобы і пачуццяў. Гэта сардэчнасць і душэўнасць, даступнасць і зразумеласць у створаных ім вобразах», — падкрэсліў Міхась Цыбульскі.
Вячаслаў Шамшур не толькі мастак, але і навуковец. Ён з’яўляецца аўтарам шматлікіх навуковых прац і суаўтарам 4-а тома «Гісторыі мастацтва Беларусі». Плённая навуковая дзейнасць стала падставай для прысваення яму ў 1993 годзе вучонага звання прафесара.
Звяртаючыся да прысутных, Вячаслаў Шамшур заўважыў, што дарога дадому заўсёды нясе яму энергію дабрыні і чысціні. «Сёння, будучы тут, у Мёрах, мне да слёз прыемна бачыць твары маіх родных.
Перадача твораў мёрскаму касцёлу невыпадковая. Касцёл з’яўляецца адным з цэнтраў духоўнай культуры. Гэта самае надзейнае месца для захоўвання маіх прац. Я ўдзячны пробашчу парафіі ксяндзу Андрэю Куліку за такую магчымасць.
Для мяне гонар, што мае працы будуць захоўвацца ў касцёле, да якога належыць большая частка маёй радні. Тут маліліся мой дзед і мая маці, тут бываў мой бацька», — сказаў мастак.
Сустрэчу працягнула экскурсія па выставе, якую правёў сам аўтар. Мастак апавёў пра гісторыю стварэння асобных карцін, падзяліўся некаторымі сакрэтамі свайго майстэрства і адказаў на пытанні наведвальнікаў.
Яшчэ доўгі час дзеці і дарослыя не адпускалі мастака. Адкрытасць і добразычлівасць майстра прыцягвала і захапляла.
Увесь час побач была і жонка мастака Раіса Іванаўна, якая разам прыехала з Віцебска, каб падтрымаць мужа.
Пасля экскурсіі па выставе для гасцей і ахвотных парафіянаў пра гісторыю Мёрскага касцёла расказаў краязнаўца Вітольд Ермалёнак.
Дзве гадзіны праляцелі хутка і незаўважна.
Наперадзе была яшчэ адна сустрэча ў раённай бібліятэцы: Вячаслаў Шамшур прывёз у дар для яе пяць сваіх прац.
Адмыслова да дня перадачы прац Вячаслава Шамшура касцёлу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мёрах і Мёрскай раённай бібліятэцы Людміла Сіманёнак з Віцебска напісала верш «Вяртаюцца эцюды і карціны», які быў апублікаваны на парафіяльным сайце.