Пошук

11.04.2024 15:25   Фота: Станіслаў Бервячонак / Catholic.by

8 красавіка арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў адпустовую ўрачыстасць Звеставання Пана ў Гродзенскім пабрыгіцкім касцёле, падчас якой пасвяціў два новыя бакавыя алтары ў гонар святой Брыгіты і благаслаўлёных назарэтанак з Навагрудка, мучаніц Другой сусветнай вайны.

Гэтая гродзенская святыня была пабудавана ў сярэдзіне XVII стагоддзя пры кляштары брыгітак — жаночага манаскага ордэна, які да ХІХ стагоддзя дзейнічаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У царскія часы ў кляштары была вязніца, а ў савецкія — псіхіятрычны шпіталь. Касцёл быў зачынены, інтэр’еры знішчаны. Цяпер непадалёк ад святыні, якая на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя зноў стала дзеючай, знаходзіцца дом адной з найбольшых жаночых манаскіх супольнасцяў у нашай краіне — сясцёр назарэтанак.

Пабрыгіцкі касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі, які з’яўляцца ўнікальным помнікам сакральнай архітэктуры на нашых землях, з кожным годам усё больш прыгажэе.

Цяпер у святыні паабапал цэнтральнага алтара з’явіліся два бакавых: адзін — у гонар святой Брыгіты Шведскай, другі — у гонар благаслаўлёных сясцёр назарэтанак, мучаніц, якія падчас Другой сусветнай вайны аддалі сваё жыццё за ўратаванне святара і бацькаў сем’яў у акупаваным нацыстамі Навагрудку.

Арцыбіскуп Кандрусевіч, які здзейсніў пасвячэнне алтароў, звярнуў увагу на святых жанчын, якім яны прысвечаны.

«Святая Брыгіта жыла ў XIV стагоддзі, у часы глыбокага маральнага крызісу і спрыяла яго перадоленню. У яе сям’і нарадзілася восем дзяцей, з якіх дачка Кацярына таксама, як і маці, дасягнула святасці. Брыгіта заснавала прысвечанаю Найсвяцейшай Крыві Езуса манаскую супольнасць сясцёр брыгітак і шпіталь, у якім сама служыла хворым», — нагадаў арцыпастыр.

Ён дадаў, што Ян Павел ІІ аб’явіў святую Брыгіту апякункай Еўропы як прыклад не толькі для кансэкраваных асобаў, але і для тых, хто жыве ў сужэнстве.

Між тым сёстры назарэтанкі, мучаніцы з Навагрудка, паводле арцыбіскупа Кандрусевіча, «сваім подзвігам ўвасобілі словы Хрыста, што няма большай любові, калі хто аддае сваё жыццё за бліжніх».

«Падчас іх беатыфікацыі 5 сакавіка 2000 года Папа Ян Павел ІІ сказаў, што Бог быў іх апорай у жыцці і ў хвіліны выпрабавання. Яны загінулі, але жыццё засталося і развіваецца.

Пра гэта мы павінны памятаць у святле праўды Змёртвыхпаўстання. Калі зерне памрэ, то дасць багаты плён.

Сапраўды, маем плён вялікі, бо супольнасць сясцёр назарэтанак у Беларусі з’яўляецца самай вялікай. Яны працуюць у розных сферах касцёльнага жыцця, займаюцца катэхізацыяй, дабрачыннасцю, арганізацыяй духоўных практыкаванняў і іншай дзейнасцю. Іх улоў, кажучы мовай Езуса, немалы, але заўсёды можа быць яшчэ большым», — заўважыў арцыбіскуп.

Маючы на ўвазе евангельскі цуд вялікага ўлову рыбы, ён падкрэсліў, што неабходна браць прыклад з Езуса, які сказаў апосталам адплысці на глыбіню і зноў закінуць сеткі.

«Езус сёння кажа тое самае нам. Вера азначае настойлівасць пачынаць зноў і зноў. Пачынаць зноў і зноў не азначае паўтараць тыя самыя памылкі, але пакінуць зручную плыткасць і набрацца смеласці адплысці на глыбіню. Грамадства, часткай якога мы з’яўляемся, — гэта тая евангельская „Галілея“, дзе мы павінны шукаць жывога Хрыста.

Нават у нашым гродзенскім „Галілейскім моры“ ёсць глыбіні, якія мы павінны адкрыць, выплысыці на іх і нанава закінуць сеткі», — сцвердзіў заслужаны іерарх.

Ён пажадаў мясцовым вернікам, каб новапасвячаныя алтары ў гонар святой Брыгіты і благаслаўлёных назарэтанак, мучаніц з Навагрудка, натхнялі іх казаць «так» Богу, як гэта зрабіла Марыя ў момант Звеставання. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў іх быць носьбітамі Хрыста ў сучасным свеце: людзьмі, што не баяцца адплысці на глыбіню, як гэта зрабілі святыя жанчыны, якім прысвечаны новыя алтары ў пабрыгіцкім касцёле Гродна.

Абноўлена 13.04.2024 12:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця