Пошук

05.04.2024 17:52   Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

З вялікай радасцю і ўдзячнасцю Богу і Папу Францішку за яго памяць і клопат пра Касцёл у Беларусі вітаем новага біскупа наміната для Беларусі Уладзіміра Гуляя!

Шаноўны біскуп намінат Уладзімір, ад свайго імя і ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі шчыра віншую Вас з прызначэннем біскупам каад’ютарам Гродзенскай дыяцэзіі.

Вельмі рады, што Вашыя здольнасці, таленты і апостальскі запал, з якімі Вы працавалі на розных пасадах у сваёй роднай дыяцэзіі, будуць і далей служыць ужо на новым узроўні дабру як Гродзенскай дыяцэзіі, так і эфектыўнай працы Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, якая атрымлівае ў Вашай асобе  «новую кроў».

Гісторыя Гродзенскай дыяцэзіі надзвычай багатая. На працягу стагоддзяў гэты край сутыкаўся з гістарычнымі выклікамі пераносу межаў дзяржаваў, вайсковых канфліктаў, акупацый і вызваленняў. Край над Нёманам, як і ўся Беларусь, славуты сваёй верацярпімасцю і багаццем нацыянальных культур і традыцый. Жадаю Вам, Ваша Эксцэленцыя, заўсёды мець час для кожнага, хто шукае Хрыста і патрабуе дапамогі. Толькі так мы зможам агульнымі намаганнямі ўмацоўваць мір і салідарнасць паміж людзьмі. Толькі так Хрыстовы Касцёл у Беларусі зможа весці людзей да збаўлення.

Спадзяюся на плённае супрацоўніцтва, канструктыўнасць і адкрытасць на дзеянне Божага Духа ў служэнні на месцы Вашага шаноўнага папярэдніка на пасадзе дапаможнага Біскупа Гродзенскай дыяцэзіі, сёння Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, а таксама ў вырашэнні бягучых пытанняў у межах Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Жадаю святла і моцы Святога Духа на гэтай адказнай пасадзе, апекі Маці Божай Вастрабрамскай — Маці Міласэрнасці і заступніцтва святога Казіміра.

Шчыра віншую таксама біскупа Аляксандра Кашкевіча з атрыманнем дапамогі ў няпростым служэнні такой вялікай дыяцэзіі.

Няхай Уваскрослы Хрыстус далей нясе моц збаўлення ў асобах і праз паслугу сваіх пастыраў, бо як Ён сам казаў: «Дзе Я, там будзе і слуга мой» (Ян 12, 25).

З малітвай і братэрскім прывітаннем у Хрысце,

✠ Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі
Старшыня ККББ

Абноўлена 07.04.2024 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа