27 сакавіка, у Вялікую сераду, на цвінтары перад касцёлам Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы прайшло набажэнства Крыжовага шляху.
Удзел у супольнай малітве, якую ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, узялі вернікі з розных парафій сталіцы, а таксама Грэка-Каталіцкай Царквы на чале з Апостальскім адміністратарам для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам.
Разважанні да стацый Крыжовага шляху былі падрыхтаваныя адным з вернікаў Залатагорскай парафіі, які разам з пробашчам, ксяндзом канонікам Юрыем Санько вёў набажэнства. Разам са шматлікімі вернікамі ўдзел у ім узялі сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Мінску ксёндз Кшыштаф Сэрока і пробашч парафіі святога Сымона і святой Алены ў Мінску ксёндз Уладзіслаў Завальнюк.
На чале шэсця, якое праходзіла па тэрыторыі даўніх Залатагорскіх могілак, ішла група вернікаў у касцюмах, адзін з якіх, у касцюме Хрыста, нёс вялікі драўляны крыж.
На заканчэнне набажэнства біскуп Касабуцкі благаславіў яго ўдзельнікаў, пасля чаго ўзначаліў у Залатагорскім касцёле цэлебрацыю святой Імшы. Іерарх заахвоціў сабраных у святыні перажыць яе як працяг Крыжовага шляху, у якім адбываецца тая самая крыжовая ахвяра Хрыста.