20 лютага ў лідскай парафіі Святой Сям’і прайшоў велікапосны дзень засяроджання для духавенства Гродзенскай дыяцэзіі.
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, сустрэчу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Праграма сустрэчы ўключала набажэнства Крыжовага шляху, якое правёў духоўны айцец святароў Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз Андрэй Шчупал CSsR, канферэнцыю, з якой выступіў пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы (дэканат Гродна-Захад) ксёндз Тадэвуш Крыштопік, малітву перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам.
Удзельнікам сустрэчы паведамілі аб смерці ксяндза Яна Гавэцкага, які адышоў у вечнасць у бальніцы ў Гродне пасля цяжкай хваробы.
З гэтай нагоды на Эўхарыстыі, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі, прысутныя святары маліліся аб збаўленні душы свайго спачылага сабрата.
У гаміліі пробашч парафіі Хрыста Валадара Сусвету ў Азёрах (дэканат Гродна-Усход) ксёндз Томаш Ксянжкевіч CMF казаў пра значэнне малітвы.
Напрыканцы літургіі біскуп Аляксандр Кашкевіч звярнуў увагу на тры вымярэнні, якія, па яго словах, кожнаму святару трэба пастаянна развіваць у сваім жыцці: радасць Евангелля, прыналежнасць да Божага народа і велікадушнасць служэння.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне пажадаў святарам шмат сіл, патрэбных у час Вялікага посту для абвяшчэння Божага слова і яднання вернікаў з Панам у сакрамэнтальнай споведзі.