Пошук

20.02.2024 11:51   Catholic.by

Курыя Гродзенскай дыяцэзіі са смуткам паведамляе, што 20 лютага адышоў у вечнасць ксёндз Ян Гавэцкі, шматгадовы пробашч парафіі святых Пятра і Паўла, апосталаў, у Іўі.

У апошні час быў адміністратарам парафіі Маці Божай Шкаплернай (св. Юды Тадэвуша) у Прывалках (дэканат Гродна-Усход).

Падчас служэння ў івейскай парафіі, святар стаў ініцытяарам правядзення там фестывалю калядных песень Gloria in excelsis Deo, які лічыцца адной з яскравых рэлігійных падзей жыцця Касцёла на Беларусі.

Інфармацыя аб пахаванні спачылага святара, які з’яўляўся прэзбітэрам Вілкавішскай дыяцэзіі (Літва), будзе пададзена пазней.

Вечны адпачынак дай яму, Пане…

Праграма развітання і пахавання

  • 21 лютага, серада
    • 18.00 – цела спачылага святара будзе прывезена для развітання ў парафіяльны касцёл Маці Божай Шкаплернай у вёсцы Прывалкі (Гродзенскі раён);
    • 18.30 – святая Імша і малітва пры труне спачылага святара
  • 22 лютага, чацвер
    • 9.00 – святая Імша ў парафіяльным касцёле ў вёсцы Прывалкі; развітанне і адбыццё з целам святара ў Гродна;
    • 11.00 – прыбыццё ў парафіяльны касцёл Маці Божай Анёльскай у Гродне (Францішканскі)
    • 12.00 – святая Імша ў Францішканскім касцёле
    • пасля Імшы – развітанне і пахаванне на парафіяльных Францішканскіх могілках у Гродне (зав. Перамогі)
    • каля 14.30 (пасля пахавання) – пасілак для святароў і сясцёр у сталоўцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне (вул. Парыжскай Камуны, 1).

Ян Гавэцкі нарадзіўся 28 сакавіка 1962 г. у Гродне. Прэзбітэрскае пасвячэнне яму ўдзяліў 27 мая 1990 г. у гродзенскім фарным касцёле св. Францішка Ксавэрыя, у той час першай у Беларусі малой базыліцы, сённяшні арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Пасля пасвячэння адзін год быў вікарыем парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Шакяі (Літва). Потым вярнуўся на радзіму і ў 1991–1996 гг. быў пробашчам парафіі ў Трабах, а з 1996 да 2021 г. — пробашчам парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі.

У 2022 г. быў прызначаны адміністратарам парафіі Маці Божай Шкаплернай у Прывалках (дэканат Гродна-Усход).

Ксёндз Ян Гавэцкі быў вядомы як ініцыятар розных душпастырскіх ініцыятыў. Менавіта ён быў галоўным натхняльнікам дэканальных фестываляў калядак і пастаралак, якія праходзяць штогод у Доме культуры ў Іўі.

(Паводле Grodnensis.by)

Абноўлена 22.03.2024 10:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця