Пошук

22.03.2024 10:04   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

20 сакавіка ў гродзенскім касцёле Маці Божай Анёльскай (францішканскі) адбылася святая Імша ў інтэнцыі спачылага ксяндза Яна Гавэцкага ў 30-ы дзень пасля яго смерці.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, на Эўхарыстыі, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, сабраліся святары, сёстры законныя і свецкія вернікі. Да малітвы аб вечным жыцці для спачылага далучыўся Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

У гаміліі ксёндз Алег Шпець SChr, які паходзіць з парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі, дзе ксёндз Гавэцкі шмат гадоў быў пробашчам, звярнуў увагу на тры словы, якімі можна ахарактарызаваць спачылага.

Першае з гэтых словаў, як адзначыў ксёндз Алег, — «прысутнасць», бо ксёндз Ян заўсёды стараўся прысутнічаць на розных урачыстасцях, куды яго запрашалі. У якасці другога слова святар назваў «ахвярнасць»: як патлумачыў ён, ксёндз Гавэцкі ўмеў дзяліцца, асабліва з тымі, каму была патрэбна падтрымка. Трэцім словам, на думку ксяндза Алега, з’яўляецца «чуласць»: ксёндз Ян умеў спачуваць і падтрымліваць тых, хто сустракаўся з рознымі жыццёвымі цяжкасцямі.

Пасля Імшы яе ўдзельнікі скіраваліся на Францішканскія могілкі Гродна, дзе памаліліся на месцы пахавання ксяндза Яна Гавэцкага, прамовіўшы Вяночак да Божай Міласэрнасці.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа