Пошук

15.02.2024 20:26   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

15 лютага, у чацвер пасля Папяльца, у архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску прайшла сустрэча духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Сустрэча традыцыйна распачалася супольнай малітвай Літургіі гадзінаў, якую правёў пробашч архікатэдральнай парафіі ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі, пасля чаго адказны за пастаянную фармацыю маладых святароў архідыяцэзіі ксёндз канонік Аляксей Раманчук з Барысава прамовіў духоўную канферэнцыю. У ёй святар глыбей растлумачыў сабратам палажэнні дактрынальнай дэкларацыі Дыкастэрыі Веравучэння Fiducia supplicans.

Прамоўца падкрэсліў, што дэкларацыя не змяняе каталіцкага веравучэння адносна сутнасці сакрамэнтаў, у прыватнасці сужэнства, якое з’яўляецца адзіным і непарыўным саюзам выключна паміж мужчынам і жанчынай, а толькі трактуе душпастырскія аспекты благаслаўлення як знаку Божай падтрымкі і суцяшэння кожнаму, хто жадае яго атрымаць, але ні ў якім выпадку не згоды і адабрэння амаральных паводзінаў.

Ксёндз Аляксей дадаў, што лепшаму разуменню палажэнняў дакумента і іх практычнаму прымяненню ў мясцовых умовах можа служыць прынятае на нядаўнім пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі спецыяльнае Паведамленне нашага епіскапату адносна Дактрынальнай дэкларацыі Дыкастэрыі Веравучэння Fiducia supplicans.

Пасля адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і магчымасці прыступіць да сакрамэнту паяднання, якой многія скарысталіся, распачалася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч.

Перад пачаткам Эўхарыстыі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі перадусім прывітаў прадстаўніка Папы, а таксама павіншаваў з днём нараджэння аднаго са сваіх найбліжэйшых супрацоўнікаў — Генеральнага вікарыя архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага.

Арцыпастыр таксама заахвоціў усіх святароў, што канцэлебравалі гэтую Імшу, ахінуць малітваю сабратоў, якія ў бліжэйшыя дні таксама адзначалі або будуць адзначаць дні нараджэння або імяніны, перадусім прысутнага ў прэзбітэрыі Апостальскага адміністратара для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека, які на мінулым тыдні адзначыў 75-гадовы юбілей, а таксама дэкана Мінскага катэдральнага капітула ксяндза каноніка Антонія Клімантовіча, які напярэдадні адзначыў сваё 55-годдзе.

Гамілію прамовіў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB з Магілёва, які прысвяціў яе тэме паклікання да няспыннага дыялогу з Богам усіх духоўных і кансэкраваных асобаў. Іерарх звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што святары і манахі павінны быць настаўнікамі малітвы для ўсіх вернікаў, а таму ім самім неабходна быць людзьмі малітвы, не шкадуючы на яе сіл і часу, а таксама пазбягаючы паспешлівасці, якая вядзе да павярхоўнасці і фармалізму.

«Усе мы былі пакліканыя Хрыстом і ўцягнутыя ў вельмі небяспечны план, які ведае толькі Бог. Мы ведаем, што гэта план збаўлення чалавека з нашай святарскай, манаскай дапамогай. Таму, каб выканаць яго, трэба размаўляць з Богам. Бо Бог ведае, што мы павінны рабіць, каб не сапсаваць Яго задумы, але каб зрабіць магчымым для Яго рэалізаваць яе ў нас, а таксама і праз нас», — сказаў біскуп Аляксандр Яшэўскі, завяршыўшы гамілію віншаваннем з днём нараджэння, скіраваным сабрату ў біскупстве і некаторым святарам архідыяцэзіі.

Напрыканцы святой Імшы са словамі віншавання да біскупа Касабуцкага звярнуўся таксама нунцый Ёзіч.

Прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне прачытаў і перадаў іерарху свой віншавальны адрас, у якім выказаў яму падзяку «за вернае і руплівае служэнне», якое той здзяйсняе на карысць Касцёла ў Беларусі, а таксама за «адданасць Хрысту і Яго Евангеллю».

У якасці падарунка Апостальскі нунцый уручыў біскупу Юрыю Касабуцкаму медаль чарговай гадавіны пантыфікату Папы Францішка.

Апошнім пунктам велікапоснай сустрэчы духавенства ў Мінску стала арганізацыйная частка, якую правёў са сваімі святарамі арцыбіскуп Станеўскі.

Перадусім ён звярнуў увагу душпастыраў на яшчэ адзін нядаўна апублікаваны дакумент Дыкастэрыі Веравучэння пад назвай Gestis verbisque, прысвечаны форме і матэрыі сакрамэнтаў, асцярогшы душпастыраў ад самадзейнасці ў такой важнай матэрыі, якой з’яўляюцца сакрамэнты Касцёла.

Акрамя таго арцыпастыр падрабязна пазнаёміў прысутных з планам мерапрыемстваў у архідыяцэзіі да канца бягучага года, звярнуў увагу на дзейнасць розных спецыяльных душпастырстваў, заахвоціў да новых душпастырскіх ініцыятываў, асабліва ў працы з дзецьмі і моладдзю, а таксама закрануў шэраг іншых пытанняў, якія датычацца жыцця і дзейнасці Мінска-Магілёўскага Касцёла.

На сустрэчы было агучана пэўнае новаўвядзенне: з гэтага часу сустрэчы духавенства і кансэкраваных асобаў будуць адбывацца асобна, за выключэннем аплаткавай сустрэчы, а таксама ў Вялікі чацвер.

 

Абноўлена 16.02.2024 14:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця