Пошук

07.02.2024 09:43   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: с. Марыя Мінютка USJK / Catholic.by

6 лютага ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску з нагоды Дня кансэкраванага жыцця адбылася сустрэча манаскіх асобаў, якія нясуць служэнне ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

У сустрэчы ўзялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, адказны за Інстытуты Кансэкраванага жыцця і Таварыствы Апостальскага жыцця пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, а таксама Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

На пачатку сустрэчы ўсіх сабраных у святыні законнікаў і законніц прывітаў айцец Павел Раманчук OFMConv з Івянца, адказны за кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Вітаючы іерархаў, манах падкрэсліў, што прысутны на сустрэчы арцыбіскуп «нас злучае і як добры пастыр заносіць нашыя інтэнцыі перад аблічча Бога, каб мы годна, добра выконвалі нашую манаскую харызму».

Сястра Марцэліна Мігач ISSM зрабіла прэзентацыю гісторыі кансэкраванага жыцця ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якая суправаджалася паказам слайдаў.

Законніца распавяла, як на тэрыторыі сучаснай архідыяцэзіі з’явіліся першыя манаскія супольнасці, як яны развіваліся, чым займаліся, з якімі цяжкасцямі сутыкаліся ў віры бурлівых гістарычных падзей, якія не раз пагражалі поўным знішчэннем плёну місіі кансэкраваных асоб на нашай зямлі.

Пасля гэтага экскурсу ў гісторыю старшыня Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі ксёндз Анджэй Юхневіч ОМІ прамовіў духоўную канферэнцыя.

Напачатку ён сказаў, што «мы — тыя, хто піша чарговыя старонкі гісторыі». У сваёй прамове законнік засяродзіўся на падрыхтоўцы да Юбілею 2025 года, адзначыўшы, што для кансэкраваных асоб гэтая падрыхтоўка на працягу бягучага года павінна стаць «сімфоніяй малітвы».

«Кантэкст кансэкраванага жыцця ў Беларусі мае асаблівы характар і выклік», — сказаў ксёндз Анджэй, звярнуўшы ўвагу кансэкраваных асоб на неабходнасць «ісці разам», да чаго іх заклікае біскуп Яшэўскі ў сваім сёлетнім Пасланні на Дзень кансэкравнага жыцця. «Таму першы выклік, які становіцца перад кансэкраванымі асобамі, перад Касцёлам у Беларусі — гэта неабходнасць адзінства», — сцвердзіў святар, заахвоціўшы братоў і сясцёр клапаціцца пра салідарнасць і з пакораю аб’ядноўваць намаганні ў служэнні.

«Адказам кансэкраваных асоб на існуючы кантэкст у нашай краіне, аб якім ведаем, павінна стаць кансалідацыя, салідарнасць і супрацоўніцтва», — лічыць законнік. Далей ксёндз Анджэй звярнуў увагу на рызыку ўнутранага выгарання, якая існуе таксама і для кансэкраваных асоб, і даў некалькі практычных парад, як гэтага пазбегчы. Свой выступ старшыня Каардынацыйнай групы завяршыў малітоўным заклікам: «Няхай Божая Маці, Жанчына Ахвяравання і Зорка новай евангелізацыі, атуліць сваім клопатам унутранае жыццё кансэкраваных асоб Беларусі. Няхай Марыя навучыць нас абдымаць Езуса, які прыходзіць да нас як святло ў штодзённасці».

Апоўдні распачалася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, якая суправаджалася невялікім разважаннем над сутнасцю кансэкраванага жыцця паводле евангельскіх парад чыстасці, убоства і паслухмянасці.

Кульмінацыяй сустрэчы стала святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Станеўскі. Яна распачалася з традыцыйнага благаслаўлення грамнічных свечак і працэсіі. Вітаючы сабраных у галоўнай каталіцкай святыні сталіцы законнікаў і законніц, арцыпастыр за Папам Франіцшкам параўнаў іх з кветкамі, якія не толькі радуюць вока, але таксама прыносяць добры плод.

«Хочам сёння дзякаваць вам <…> за ваш клопат, за душпастырскую працу, за вашую ахвярнасць, за тое, што трымаеце ў руках гэты агонь, гэтую свечку для таго, каб асвятліць дарогу сабе і іншым», — сказаў арцыбіскуп Станеўскі, дадаўшы, што цэлебруе святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх кансэкраваных асоб, а таксама аб новых пакліканнях да манаскага жыцця, «каб было каму прапаведаваць Божае слова».

Гамілію падчас Эўхарыстыі прамовіў біскуп Яшэўскі. Ён напачатку ўзгадаў евангельскую гісторыю пра багатага юнака, якому Езус параіў прадаць усё, што ён меў, і ісці за Ім. «Гэтая евангельская гісторыя распавядае пра духоўнае пакліканне чалавека», — зазначыў іерарх, падкрэсліўшы, што толькі Бог можа паказаць шлях да дасягненнея найбольшага дабра, але чалавек, падобна да багатага юнака, не заўсёды гатовы прыняць Божую волю.

«Рабіць добрыя справы не дастаткова. Важна рабіць добрыя справы, да якіх Бог заклікае. <…> У гэтым жыцці можна многае зрабіць і дасягнуць, але калі чалавек робіць не тое і дасягае не таго, для чаго ён народжаны, ён ніколі не будзе шчаслівым», — сцвердзіў біскуп. Ён звярнуў увагу на тое, што нават у многіх хрысціянаў сёння манаскае жыццё выклікае негатыўную рэакцыю, страх; яны не гатовыя, каб іх сын ці дачка прысвяцілі сябе Богу ў манаскім стане.

«Нягоды кансэкраванага жыцця не азначаюць, што ў такім ладзе жыцця немагчыма нам дасягнуць асабістага шчасця. Калі Бог кагосьці кліча, важна не баяцца і не адмовіцца, і тады шчасце гарантавана», — перакананы іерарх, які сам належыць да салезіянскага таварыства. Ён дадаў, што калі Езус клікаў за сабою, то заклікаў да таго, чым жыў сам. Манаскае жыццё, паводле біскупа Яшэўскага, не з’яўляецца суцэльным цярпеннем, як гэта многія сабе ўяўляюць. «Кансэкраванае жыццё — гэта абвяшчэнне будучага ўваскрашэння і славы Нябеснага Валадарства», — сказаў іерарх. На заканчэнне гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі падзякаваў сабраным у катэдры кансэкраваным асобам за тое, што яны адгукнуліся на заклік Хрыста, і пажадаў ім Божай дапамогі на абраным шляху.

Пасля гаміліі прысутныя на Імшы кансэкраваныя асобы, трымаючы ў руках запаленыя грамнічныя свечкі, аднавілі свае манаскія абяцанні.

На заканчэнне цэлебрацыі біскуп Касабуцкі ад імя ўсёй Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі павіншаваў кансэкраваных асоб з іх святам, а таксама выказаў падзяку за іх ахвярнае служэнне, адзначыўшы, што манаскія супольнасці адыгралі велізарную ролю ў адраджэнні Касцёла на нашай зямлі.

Потым усе трое іерархаў ад алтары выйшлі да сясцёр і кожнай уручылі па белай ружы.

Словы прывітання сабраным у Мінску кансэкраваным асобам перадаў праз арцыбіскупа Юзафа Станеўскага Апостальскі нунцый у Беларусі Антэ Ёзіч.

 

Абноўлена 07.02.2024 10:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця