Пошук

02.02.2024 06:20   Catholic.by

ЗВАРОТ
біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
на XXVІIІ Дзень кансэкраванага жыцця

Дарагія манаскія асобы ў Беларусі, шаноўныя святары, любыя ў Хрысце браты і сёстры!

Штогод у свята Ахвяравання Пана мы адзначаем Дзень кансэкраванага жыцця, узносячы свае малітвы да Бога за кожную кансэкраваную асобу. Гэты дзень — вельмі прыгожая нагода выказаць нашу ўдзячнасць у першую чаргу Пану Богу за каштоўны дар манаскага жыцця, якое ў розных формах і вымярэннях узбагачае жыццё нашага Касцёла, а таксама прыносіць благаслаўленне кожнаму верніку. Гэта таксама добры час, каб выказаць глыбокую ўдзячнасць кансэкраваным асобам нашай краіны за ўсё дабро, якое яны чыняць для нас дзякуючы няспынным малітвам і самаахвярнай працы.

Манаскае жыццё — гэта шлях, які патрабуе мужнасці, рашучасці і вытрываласці. Гэта шлях, які часта бывае надзвычай складаным, са шматлікімі выпрабаваннямі; ён патрабуе цярплівасці ды ўмення пераадольваць перашкоды.

Аднак я хачу падкрэсліць, што гэты шлях мы выбіраем не толькі па ўласнай волі: да яго нас паклікаў сам Езус Хрыстус. Сын Божы не толькі першы прайшоў па гэтым шляху, але і паказаў нам правільны кірунак. Ён нястомна запрашае нас ісці за Ім, слухаючы Яго і жывучы паводле евангельскіх парадаў. Усведамленне таго, што мы ідзем па слядах Езуса, дапамагае зразумець значэнне і глыбіню ўсіх нашых жыццёвых цяжкасцяў і выклікаў, напаўняючы нас новай сілай і энергіяй.

Жаданне быць там, дзе Езус, і жыць у еднасці з Ім, праяўляецца праз нашае імкненне да дасканаласці, прагненне быць блізка каля Хрыста і дзяліцца Яго любоўю і міласэрнасцю з іншымі. Гэта ласка, якую Ён шчодра дае тым, каго выбірае. І мы, у сваю чаргу, павінны прасіць Хрыста, каб Ён адарыў манаскія супольнасці новымі пакліканнямі і запаліў сэрцы маладых людзей агнём евангельскага радыкалізму, жаданнем ісці за Ім і наследаваць Яго, бо кансэкраванае жыццё — гэта сапраўдны дар і благаслаўленне для Касцёла. Яно нараджаецца ў Касцёле, развіваецца і ўзрастае ў яго асяроддзі і цалкам скіравана на служэнне Касцёлу.

Пакліканне да кансэкраванага жыцця — гэта выключная прапанова, дар, гэта «святое партнёрства», якое заключаецца паміж Богам і чалавекам у цноце любові.

Кожны, хто адказаў на ласку паклікання да святарства ці манаскага жыцця, павінен выкарыстоўваць усе свае сілы і творчыя магчымасці для найлепшага служэння Богу і людзям. Кансэкраванае жыццё, якое мае свае карані ў Евангеллі, заўсёды напаўнялася яго духам на працягу стагоддзяў. Для кансэкраваных асобаў гэта найвышэйшы запавет; яны павінны няспынна вяртацца да яго, каб іх пакліканне заставалася жывым і плённым, прыносячы дабро і збаўленне душаў. У кожнай з розных формаў кансэкраванага жыцця заўсёды прысутнічае моцнае натхненне Евангеллем. Бескампраміснае наследаванне Хрыста, якое прапануецца ў Евангеллі, служыла і працягвае служыць як найвышэйшая норма і кірунак для духоўнага і манаскага жыцця.

У гэты асаблівы час, калі мы разам разважаем над духоўным значэннем і важнасцю кансэкраванага жыцця, я хачу падзяліцца з вамі некалькімі думкамі і спадзяюся, што яны дапамогуць вам умацавацца ў сваім пакліканні і лепш пазнаць сінадальны шлях паўсюднага Касцёла, якім мы ўсе цяпер крочым:

па-першае, я заклікаю вас ісці разам у сваёй кансэкрацыі, жывучы з глыбокім усведамленнем таго, што вы пакліканыя Богам, і дзяліцца гэтым усведамленнем з іншымі. Чалавек можа знайсці Бога толькі ў духоўным руху, толькі праходзячы пэўны шлях. У гэты «сінадальны час» мы павінны ўмацоўваць нашу веру ў тое, што гэта час ласкі і дзеяння Духа Святога, час умацоўвацца ў сваім пакліканні, перажываючы яго як дзівосную магчымасць для сустрэчы з Богам і нашымі братамі і сёстрамі;

па-другое, я запрашаю вас ісці разам, слухаючы Божае слова. Цяжкасць духоўнага шляху часта заключаецца ў чалавечым няўменні слухаць: слухаць Духа Святога, нашых братоў і сясцёр, якія раздзяляюць з намі жыццё, яго радасці і турботы. Слуханне — адзін з цудоўных спосабаў захоўваць вернасць свайму пакліканню. Важна выхоўваць у сабе зацікаўленасць, павагу да іншых і спачуванне, быць адкрытымі на праўду і дапамогу бліжнім. Праз уважлівае слуханне кансэкраваныя асобы могуць знайсці шлях да духоўнага росту і стаць праўдзівымі сведкамі Евангелля ў грамадстве, якое часта закрываецца на голас Бога і на крык бліжніх аб дапамозе;

па-трэцяе, неабходна ісці разам у духоўнай камуніі, у еднасці. Кансэкраваныя асобы павінны быць «экспертамі камуніі і еднасці» ў Касцёле і ў свеце. Еднасць з Богам, з тымі, хто раздзяляе з намі жыццё, і з усім чалавецтвам — ключавы элемент у распазнанні і ўзмацненні сінадальнасці Касцёла. Ісці разам у адзінстве і згодзе для кансэкраваных асобаў — гэта значыць умацоўваць еднасць у сваіх харызматычных супольнасцях і ў мясцовым Касцёле, прымаючы больш актыўны ўдзел у дыяцэзіяльным жыцці;

чацвёртае, да чаго я вас заклікаю — ісці разам у місіі. Гэта значыць пастаянна знаходзіць і спазнаваць радасць евангелізацыі, перажываць радасць веры і мець моцнае жаданне абвяшчаць Добрую Навіну. У кантэксце кансэкраванага жыцця «ісці разам у місіі» азначае таксама ўмацоўваць супольную ўзаемную адказнасць і актыўна ўдзельнічаць у місіі мясцовага Касцёла, робячы свой важкі ўнёсак праз уласныя харызматычныя дары. Такім чынам, кожная кансэкраваная асоба са сваімі індывідуальнымі магчымасцямі і харызмамі спрыяе ўзбагачэнню місіі Касцёла, а таксама дапамагае дасягненню таго, каб зерне Евангелля пранікла ў глыбіню людскіх сэрцаў. Працуючы разам, молячыся і застаючыся ў еднасці, кансэкраваныя асобы адыгрываюць вырашальную ролю ў тым, каб сінадальнасць Касцёла не была толькі міражом, але стала сапраўднаю рэальнасцю.

Дарагія кансэкраваныя асобы ў Беларусі, я даручаю вас апецы Найсвяцейшай Дзевы Марыі, а таксама святым і благаслаўлёным заснавальнікам вашых манаскіх супольнасцяў, каб яны заступаліся за вас і дапамагалі кожнаму захоўваць вернасць сваёй харызме.

Я малюся за вас, каб вы змаглі знайсці глыбокую радасць і спраўджанасць сваіх духоўных прагненняў, каб ваша кансэкрацыя і праца сталі святлом і натхненнем для ўсіх, з кім вы сустракаецеся і каму вы служыце.

З пастырскім благаслаўленнем,

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB
Адказны за Інстытуты Кансэкраванага жыцця
і Таварыствы Апостальскага жыцця
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця