Пошук

01.02.2024 18:10   Catholic.by

ПАВЕДАМЛЕННЕ
Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
адносна Дактрынальнай дэкларацыі Дыкастэрыі Веравучэння
Fiducia supplicans

18 снежня 2023 года была апублікавана Дактрынальная дэкларацыя Дыкастэрыі Веравучэння Fiducia supplicans, якая разважае і тлумачыць пра пастырскае значэнне благаслаўленняў. Гэты дакумент разглядае магчымасць больш шырокага іх выкарыстання перадусім у пазалітургічным вымярэнні. У дакуменце падкрэсліваецца, што літургічнае благаслаўленне можа быць удзелена толькі ў выпадку, калі «тое, што благаслаўляецца, адпавядае Божай задуме, заключанай у стварэнні і цалкам аб’яўленай Хрыстом Панам» (FS 11).

Нягледзячы на тое, што Дэкларацыя яшчэ раз пацвярджае адсутнасць змен у традыцыйным каталіцкім веравучэнні аб сужэнстве, як саюзе мужчыны і жанчыны, і няма ніякага «дазволу» або «благаслаўлення» на аднаполыя саюзы або любое іншае жыццё ў граху, яна дае магчымасць пазалітургічнага благаслаўлення нерэгулярных ці аднаполых пар.

Таму мы як Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі звяртаемся да святароў і ўсіх вернікаў Касцёла ў Беларусі з наступным паведамленнем.

  1. Згаданая Дэкларацыя Дыкастэрыі Веравучэння не змяняе вечнага вучэння Каталіцкага Касцёла аб сужэнстве і сексуальнай маральнасці. Адзіным сужэнскім саюзам, які прызнае Каталіцкі Касцёл, з’яўляецца саюз паміж мужчынам і жанчынай як супольнасць усяго жыцця, скіраваная па сваёй прыродзе да дабра сужонкаў, а таксама для нараджэння і выхавання патомства (ККП 1983, кан. 1055).
  2. Каталіцкі Касцёл у Беларусі не мае намеру ўводзіць у практыку прапанаваную Дэкларацыяй магчымасць благаслаўлення пар, якія жывуць у нерэгулярным саюзе, і аднаполых пар.
  3. Канферэнцыя Біскупаў нагадвае святарам і дыяканам, што нелітургічнае благаслаўленне можа ўдзяляцца ўсім асобам, якія аб ім просяць. Аднак заўсёды неабходна пазбягаць удзялення благаслаўлення менавіта парам, якія жывуць у так званым «грамадзянскім шлюбе», а таксама тым, хто жыве ў кананічна нядзейсным сужэнстве або аднаполым парам. Такое благаслаўленне можа быць успрынята іншымі вернікамі як згода на грэх.
  4. У той жа час мы з блізкасцю і павагай суправаджаем нашых братоў і сясцёр, якія жывуць у асаблівых сітуацыях, і гатовыя дапамагаць ім набыць глыбейшае разуменне Божай волі на іх жыццёвым шляху да Хрыста і да святасці.

З малітвай,

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 1 лютага 2024 г.

Абноўлена 07.03.2024 12:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця