17—19 сакавіка ў мінскім кінатэатры «Масква» пройдуць паказы анімацыйнага фільма «Таямніца Келза», агучанага на беларускую мову беларускімі акцёрамі.
Пра што мульцік?
Мультфільм распавядае казачную гісторыю, заснаваную на рэальных падзеях IX стагоддзя ў Ірландыі. Галоўны герой, хлопчык Брэндан, жыве ў абацтве Келз. Неўзабаве ў гэтае абацтва прыбывае славуты асветнік Эйдан з нейкай таямнічай кнігай…
У далейшых прыгодах будуць удзельнічаць не толькі яны, але і чароўная дзяўчынка Ашлінг з лесу і кот Эйдана Пангурбан.
Крытыкі па ўсім свеце станоўча сустрэлі «Таямніцу Келза». Стужка адзначана шэрагам узнагарод і намінацый, уключаючы намінацыю прэміі Оскар як «лепшы анімацыйны фільм».
Дзякуючы графіцы, якую аглядальнік afisha.ru назваў «шэдэўрам дэкаратыўнай анімацыі», а таксама глыбокаму сюжэту, фільм можа зацікавіць не толькі дзяцей, але і дарослых.
Фільм па-беларуску
Прэм’ера мультфільма адбудзецца 17 сакавіка а 19:00 у мінскім кінатэатры «Масква» (праспект Пераможцаў, 13). Наступныя паказы пройдуць 18 і 19 сакавіка ў 17:00.
Фільм агучаны на беларускую мову ў межах праекта «Беларускія ўікэнды» пры падтрымцы «Атлант Тэлекам» і velcom.
У агучванні прымалі ўдзел вядомыя беларускія акцёры: Павел Харланчук, Ганна Хітрык, Алесь Малчанаў, Святлана Цімохіна, Уладзімер Глотаў, Зміцер Саладуха.
Частка агучаных у межах праекта фільмаў будзе даступная на сервісе інтэрактыўнага лічбавага тэлебачання «Атлант Тэлекам».
Хто такі святы Патрык?
Дзень памяці святога Патрыка, апекуна Ірландыі, Каталіцкі Касцёл святкуе 17 сакавіка. Згодна з традыцыяй якраз святы Патрык прынёс хрысціянства на язычніцкі востраў.
Як адзначае sib-catholic.ru, з імем святога звязана мноства легенд, напрыклад, пра тое, як ён з дапамогай дастаткова распаўсюджанай ў Ірландыі трохліставой канюшыны тлумачыў людзям паняцце Святой Тройцы. «Гэтаксама, як тры лісты могуць расці ад аднаго сцябла, так і Бог можа быць адзіны ў трох Асобах».
Святы Патрык лічыцца нябесным апекуном не толькі Ірландыі, але таксама Ісландыі і Нігерыі, куды хрысціянства прынеслі ірландскія місіянеры. У гонар гэтага святога асвячаныя больш за дзве тысячы касцёлаў ва ўсім свеце, галоўны з якіх — сабор св. Патрыка ў Дубліне, пабудаваны ў 1192 годзе. Пробашчам гэтага касцёла ў XVIII ст. быў вядомы пісьменнік Джонатан Свіфт.
Дзень святога Патрыка адзначаецца як дзяржаўнае свята ў Ірландыі і ЗША, у розных краінах свету традыцыйнымі становяцца парады ў гонар святога.