14 студзеня ў будынку Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшла аплаткавая сустрэча для малітоўнага руху «Маргарытка».
Як паведамляе Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, у капліцы семінарыі сабраліся шматлікія ўдзельнікі руху. Яны штодзённа спадарожнічаюць святарам сваімі малітвамі і ахвярамі, а таксама прымаюць дабравольны пост у іх інтэнцыі, разумеючы важнасць справы, якую выконваюць, і дапамагаючы адчуць адзінства, цеплыню, адказнасць адзін за аднаго.
Напачатку сустрэчы адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Гамілію прамовіў мадэратар малітоўнага руху ксёндз Ян Раманоўскі.
Біскуп падзякаваў удзельнікам руху «Маргарытка» за здзяйсненне іх вялікай задачы.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што іх малітва садзейнічае асвячэнню духавенства і рэалізацыі місіі, да якой святары былі пакліканы.
Падчас дзялення аплаткамі, якое адбывалася ў зале Яна Паўла ІІ, прагучала шмат добрых пажаданняў, як у сапраўднай сям’і, дзе клопат пра кожнага, любоў і міласэрнасць да бліжняга з’яўляюцца неабходнай умовай жыцця.
Такія сустрэчы фармуюць сапраўдныя хрысціянскія каштоўнасці, дзякуючы якім праўда Хрыста трыумфуе на зямлі і аб’ядноўвае людзей для пошукаў сапраўдных скарбаў, для распаўсюджвання ўзаемападтрымкі і любові і для духоўнай сувязі вернікаў і душпастыраў, — адзначае Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі.