Пошук

15.01.2024 12:51   Тэкст: Шымак Валерый і Алена, адказная пара Паўночнага сектара руху END / Фота: Багдан Сырыца, Караліна Дабаровіч / Catholic.by

13 студзеня ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску з удзелам арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча адбылася аплаткавая сустрэча сем’яў Руху Equipes Notre-Dame (END) — Суполак Маці Божай.

Удзел у сустрэчы ўзялі каля трох дзясяткаў сем’яў і пяць духоўных дарадчыкаў Руху з розных мясцін Беларусі.

Сёлета спаўняецца 20 гадоў з таго часу, як рух Equipes Notre-Dame распачаў сваю дзейнасць у Беларусі.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч заахвоціў сем’і быць прыкладам сапраўдных сужэнскіх адносін і хрысціянскага выхавання дзяцей. Заслужаны іерарх нагадаў, што 2024 пастырскі год у мясцовым Касцёле прысвечаны тэме: «Касцёльныя рухі ў евангелізацыі Беларусі».

«Галоўным заданнем вашага руху з’ўляецца дапамога сем’ям па-хрысціянску перажываць сакрамэнт сужэнства. <…> Калі сям’я перажывае крызіс, яна патрабуе духоўнай дапамогі.

Рух Equipes Notre-Dame, канстытуцыяй якога з’яўляецца Евангелле, дапамагае сужэнцам пазнаць сэнс сакрамэнту сужэнства, адкрывае ім каштоўнасці і духоўнае багацце малых груп, а таксама паказвае шляхі сузірання Бога ў іх жыцці», — адзначыў іерарх, выказаўшы пажаданне, каб Суполкі Маці Божай развіваліся самі і дамагалі іншым сем’ям узрастаць ва ўзаемнай любові, узмацняючы адносіны з Богам.

Напрыканцы гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў Божае благаслаўленне на ўдзельнікаў руху Equipes Notre-Dame, «каб дзякуючы яго служэнню беларуская сям’я была радасцю і надзеяй нашай Бацькаўшчыны».

Пасля святой Імшы адбылося дзяленне аплаткай. Сужонкі, дзеці і духоўныя дарадчыкі віншавалі адно аднаго са святамі, выказваючы найлепшыя пажаданні.

Далей удзельнікаў чакала цікавая забаўляльная праграма з калядоўшчыкамі, віктарынай, конкурсамі і каляднымі спевамі.

Да сабраных у Хрысціянскім сацыяльным цэнтры традыцыйна завітаў святы Мікалай з падарункамі для дзяцей і дарослых.

Напрыканцы ўдзельнікі сустрэчы падзякавалі Богу за магчымасць сустрэцца, добра правесці час, напоўніцца радасцю.

Рух Equipes Notre-Dame з’яўляецца рухам сужэнскай духоўнасці. Яго мэта — дапамагаць сужонкам на шляху да святасці, карыстаючыся ласкамі сакрамэнту сужэнства. На Беларусі рух дзейнічае ў Баранавічах, Барысаве, Ганцавічах, Лагойску, Мінску, Негарэлым, Нясвіжы, Пінску і іншых мясцінах.

Кантакты для зацікаўленых:

Сайт руху – end.of.by

Абноўлена 15.01.2024 16:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа