Пошук

15.01.2024 14:26   Тэкст і фота: Кацярына Савянок / Catholic.by

Чарговая сустрэча ў межах Года падзякі Маці Божай і падрыхтоўкі да прысвячэння Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і ўсяго Касцёла на Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса прайшла ў суботу 13 студзеня ў Будславе.

Правядзенне сустрэчы, якая стала ўжо шостай у гэтым малітоўным цыкле і першай у 2024 годзе, было даручана Маладзечанскаму дэканату. У другую суботу студзеня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай сабраліся святары і вернікі з парафій у Беразінскім, Красным, Лебедзеве, Маладзечне, Радашковічах і Палачанах на чале з ксяндзом прэлатам Эдмундам Даўгіловічам-Навіцкім, пробашчам маладзечанскай парафіі святога Юзафа, дэканам Маладзечанскім, грэміяльным канонікам Мінскага катэдральнага капітула.

У Будслаў вернікі дабіраліся арганізавана, аўтобусам, таму мелі магчымасць узносіць хвалу і падзяку Пану Богу спевам і малітвай яшчэ ў дарозе.

Перад распачаццем запланаваных набажэнстваў ксёндз Эдмунд разам з пілігрымамі наведаў на будслаўскіх могілках магілу ксяндза Францішка Грынкевіча, які раней служыў у Будславе, і памаліўся за супакой яго душы.

Далей сустрэча праходзіла ў будслаўскай базыліцы. Пасля ружанцовай малітвы, якую правёў ксёндз канонік Сяргей Бараўнёў з Беразінскага, распачалася канцэлебраваная святая Імша з удзелам будслаўскага пробашча ксяндза Дзмітрыя Дубовіка, братоў Ігара Колзуна OFMCap і Уладзіслава Мінько OFMCap з маладзечанскай парафіі святога Казіміра, ксяндза Паўла Шылака з Краснага, ксяндза Уладзіміра Русака з Лебедзева і згаданага вышэй ксяндза Сяргея Бараўнёва. Узначаліў цэлебрацыю ксёндз Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі.

Гамілію прамовіў ксёндз Уладзімір Русак. Святар засяродзіўся на тэме шостай Божай запаведзі. На падставе свайго душпастырскага вопыту, ксёндз Уладзімір заўважыў, што запаведзь «не чужалож» выклікае найбольш крытыкі і спрэчак. Часам кажуць, што Касцёл нібы перашкаджае развіццю асобы і грамадства, што ён несучасны, бо не дазваляе разводзіцца. Але пры гэтым забываюць, што не Касцёл устанавіў запаведзі, а Бог, і не нам іх адмяняць. Заданне касцёла — захаваць гэты скарб і верна яго перадаваць. Пан Бог устанавіў, што сужэнства — непарыўны саюз аднаго мужчыны і адной жанчыны, хоць дакладна ведаў, што гэта будзе выклікаць цяжкасці.

Святар узгадаў словы Эдварда Станека, які ў сваёй кнізе «З клопатам пра сумленне» піша, што, парушаючы шостую запаведзь, чалавек абкрадае свайго сужонка, прычым крадзецца самае каштоўнае — любоў.

«Развод — гэта просты шлях да чужалоства», — падкрэсліў ксёндз Уладзімір, дадаўшы, што, паводле статыстыкі, у Беларусі распадаецца два з трох сужэнстваў.

«Відавочна, што трэба не патрабаваць ад Касцёла права на развод, а шукаць дапамогі, аздараўлення існуючай сітуацыі дзеля дабра як асобных людзей, так і ўсяго грамадства», — заўважыў святар, пасля чаго разгледзеў частыя прычыны, па якіх сужонкі не змаглі захаваць кахання і разыходзіліся. Каб сужэнства было моцным, святар параіў «трываць у еднасці з Богам, ускладаць спадзяванне не толькі на сябе, але шукаць Божай волі адносна свайго выбару, выбіраць у спадарожнікі жыцця чалавека, які любіць Бога». Разам з тым лебедзеўскі душпастыр падкрэсліў, што нельга «„кідаць камянямі“ ў тых, хто не здолеў захаваць вернасць шостай запаведзі. Мы не маем права іх судзіць. Іх будзе судзіць той Бог, які не баіцца сесці да стала з грэшнікам. Сесці да стала не для таго, каб сказаць, што ўсё ў парадку, а для таго, каб кожны чалавек праз сваю слабасць мог да Яго прыйсці. Пан Бог шукае шляхі, каб вывесці кожнага з няволі граху», — нагадаў святар.

Напрыканцы гаміліі ксёндз Уладзімір Русак заахвоціў да малітвы за сем’і, «каб кожны імкнуўся будаваць узаемаадносіны ў духу любові; каб праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі мы здолелі жыць у вернасці і ўзаемнай любові, каб маглі неаднойчы пачуць адзін ад аднаго словы: „Я цябе люблю і хачу быць з табой аж да смерці“».

Пасля святой Імшы ксёндз пробашч Дзмітрый Дубовік распавёў гісторыю абраза Найсвяцейшага Сэрца Езуса, які знаходзіцца ў будслаўскай святыні. Гэты абраз быў намаляваны з парады тагачаснага будслаўскага пробашча ксяндза Станіслава Жука ў 1942 годзе для жыхароў вёскі Васілеўшчына, што непадалёк ад Будслава. Жыхары вёскі штотыдзень перадавалі абраз з хаты ў хату, каб маліцца за сваіх родных, якіх забралі ў войска. І так сталася, што пасля вайны з усёй вёскі толькі адзін чалавек не вярнуўся дадому, прапаў без вестак. Абраз чакае рэстаўрацыі.

Напрыканцы сустрэчы перад цудадзейным абразом Маці Божай Будслаўскай удзельнікі памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці, давяраючы сем’і Божаму провіду праз рукі Марыі.

…Нягледзячы на холад, у святыні атмасфера сапраўды была цёплай і ўтульнай ад блізкасці Маці Божай і прысутнасці людзей, якія ў сваёй большасці ўжо добра адзін аднаго ведаюць.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.