Уводзіны ў малітву
У гэтым свеце, часта ахопленым цемрай, нам даюцца моманты святла, якія не толькі асвятляюць нам жыццёвы шлях, але і нагадваюць, што Бог з намі. На пачатку сённяшняй малітвы пастарайся ўсвядоміць прысутнасць гэтага святла, якое ўсё выяўляе і ўсё супакойвае.
Запрашэнне
Ці можаш зараз успомніць момант радыкальнага прабачэння? Магчыма, адну з тых неверагодных гісторый, што табе маглі сустрэцца ў газетах, тэлепраграмах, у інтэрнэт-прасторы, пра людзей, якія прабачаюць чалавека, адказнага за жудаснае злачынства супраць іх саміх ці супраць іх родных, што здараецца часцей.
Можа, табе згадваецца сітуацыя з твайго жыцця, калі ты казаў: «Я ніколі не прабачу. Такое немагчыма дараваць». Сужэнская нявернасць, здрада сябра, падман з боку бізнес-партнёра ці іншае зло маглі прымусіць цябе думаць: «О, не, гэты грэх занадта страшны». Калі ты перажыў штосьці падобнае, то трымай гэта ў галаве, калі будзеш чытаць сённяшні ўрывак Евангелля.
Чытанне святога Евангелля паводле Лукі
Лк 23, 26-37
Калі павялі Яго, схапілі нейкага Сымона Кірынэйца, які вяртаўся з поля, і ўсклалі на яго крыж, каб нёс за Езусам.
Ішло за Ім вялікае мноства людзей і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім. А Езус абярнуўся да іх і сказаў: «Дочкі ерузалемскія, не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых, бо вось надыходзяць дні, калі скажуць: “Шчаслівыя бясплодныя і ўлонні, якія не радзілі, і грудзі, якія не кармілі!” Тады пачнуць казаць гарам: “Упадзіце на нас!” і пагоркам: “Накрыйце нас!” Бо калі гэта робяць з зялёным дрэвам, то што будзе з сухім?»
Вялі з Ім на смерць і двух іншых злачынцаў. І калі прыйшлі на месца, званае Чэрап, там укрыжавалі Яго і злачынцаў, аднаго з правага, другога з левага боку. А Езус сказаў: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць».
І, дзелячы вопратку Ягоную, кідалі лёсы. А людзі стаялі і глядзелі. І кіраўнікі іхнія таксама насміхаліся, кажучы: «Іншых ратаваў, няхай сябе ўратуе, калі Ён Месія, выбраны Богам!» Жаўнеры таксама здзекаваліся з Яго, падыходзілі і падавалі Яму воцат, кажучы: «Калі Ты кароль Юдэйскі, уратуй сябе!»
Разважанне
Паглядзі, што зрабіў Езус, прыбіты да крыжа. Калі хтосьці і меў права не прабачаць, то гэта быў Езус. Калі хтосьці і меў права ўскіпець гневам, адчуць сябе несправядліва катаваным, то толькі Езус. Тым не менш, хоць рымскія жаўнеры не раскаяліся ў тым, што з Ім рабілі, Езус не толькі прабачыў, Ён маліўся за іх: «Ойча, прабач ім...»
«...Бо не ведаюць, што робяць». У гэтых словах заключаны глыбокі сэнс. Большасць біблістаў згаджаецца з тым, што гэтая фраза з вуснаў Езуса, верагодна, азначае: «Яны не ведаюць, што ўсё гэта робяць Божаму Сыну». Але можна сказаць і так, што некаторыя людзі, якія чыняць грэх, не могуць ясна думаць. Разуменне гэтага можа дапамагчы табе на шляху да прабачэння.
Езус заўсёды бачыць. Ён глядзіць наскрозь. Ён бачыць людзей такімі, якімі яны насамрэч з’яўляюцца. Калі да Яго прыводзяць жанчыну, якую абвінавачваюць у чужаложстве, Ён заўважае не толькі яе грэх; Ён бачыць асобу, якая патрабуе прабачэння і аздараўлення. Тое ж самае Езус робіць, калі ўжо вісіць на крыжы. Ён бачыць не толькі катаў. Ён бачыць людзей, якія робяць жудасны выбар і, вельмі верагодна, вымушаны выбар. Езус бачыць іх — і таму любіць, і таму прабачае.
Прабачэнне — гэта дар, які ты даеш іншаму чалавеку і самому сабе. Езус ведае гэта. Ён не толькі кажа аб прабачэнні, пра што мы не раз чытаем у Пісанні, але і паказвае нам яго. Нават з крыжа Ён працягвае вучыць нас.
Размова з Богам
- І цяпер узнікае вялікае пытанне: як ты гэта зробіш? Часам жаданне прабачыць ёсць, але ты адчуваеш сябе зусім няздольным да гэтага. Ты прагнеш забыць крыўды, але шчыра лічыш, што ўнутры цябе няма такой сілы. Узгадай канкрэтную сітуацыю, якая патрабуе прабачэння. Што ты цяпер адчуваеш у сувязі з ёй? Горыч? Бяссілле? Жаданне дараваць?
- Калі ты адчуваеш менавіта жаданне дараваць, то гэта добры пачатак дарогі, таму што сапраўднае прабачэнне — дар Бога. Ласка Божая. Калі ў сэрцы няма гэтага жадання, то чаму б не папрасіць Бога даць яго табе?
- Перафразуючы святога Ігнацыя Лаёлу, можна сказаць так: нават калі ты не маеш жадання прабачыць, але хочаш, каб з’явілася гэтае жаданне, — гэтага дастаткова. Бог можа працаваць з гэтым. Даверся Яму.
- Калі ўсё ж ты думаеш: «Не, я не магу гэта зрабіць» — ты маеш рацыю. Ты не можаш. Але Бог можа.
- На заканчэнне сённяшняй малітвы застанься некаторы час у цішыні з усімі думкамі, якія ўсхвалявалі цябе, магчыма, вывелі з раўнавагі і сталі выклікам для цябе, застанься з усім добрым, са складаным, і з тым — магчыма, ледзь адчувальным, — што наблізіла цябе да Бога.
фВялікапосныя рэкалекцыі падрыхтаваны айцамі езуітамі для шматмоўнага сайта «Прастора малітвы» паводле кнігі а. Джэймса Марціна SJ «Сем апошніх слоў» (Seven Last Words).