Пошук

09.01.2024 17:23   Паводле: Лаліта Арлоўская / Catholicnews.by / Фота: Марына Сінкевіч / Catholicnews.by

5 студзеня ў Доме культуры Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны адбыўся конкурс батлеек, які ўжо традыцыйна праводзіцца ў Віцебскай дыяцэзіі пасля свята Божага Нараджэння.

Як паведамляецца на сайце Catholicnews.by, свае батлейкі на дыяцэзіяльным конкурсе прадставілі дзеці і моладзь з сямі парафій: Нараджэння Маці Божай у Браславе, Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гарадку, Святой Тройцы ў Глыбокім, Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Удзеле і трох віцебскіх парафій: Езуса Міласэрнага, святога Антонія і святога Уладзіслава.

Ацэньвала выступы ўдзельнікаў кампетэнтнае журы ў складзе мадэратара курыі Віцебскай дыяцэзіі айца Клеменса Верта SІ, айца Міхала Ермашкевіч OP, былога дырэктара Астравенскай сярэдняй школы Іосіфа Антонава, літаратуразнаўцы Ірына Саматай і акцёра беларускага тэатра «Лялька» Алега Рыхтэра.

На пачатку конкурсу біскуп Віцебскі Алег Буткевіч памаліўся разам з удзельнікамі і пажадаў усім поспехаў і радасці.

Першымі выступілі ўдзельнікі з Удзела, якія прадставілі гісторыю стварэння францішканскага ордэну. Менавіта яго заснавальнік, святы Францішак Асізскі, 800 гадоў таму зладзіў першую ў свеце батлейку.

Прадстаўнікі парафіі святога Антонія з Віцебска ўзялі за аснову сваёй батлейкі легенду пра чацвёртага караля, які нібы таксама збіраўся ісці за Бэтлеемскай зоркай да Божага Сына, але трапіў зусім у іншае месца… Гэтая гісторыя запрасіла гледачоў больш глыбока паразважаць над сучаснымі праблемамі чалавецтва і па прыкладзе чацвётрага караля адкрыць свае сэрцы на патрэбы бліжніх.

У сцэнцы, прадстаўленай удзельнікамі з віцебскай парафіі святога Уладзіслава, ішла гаворка пра падзеі, якія адбываліся напярэдадні Божага Нараджэння. Гледачы ўбачылі, як магла выглядаць падрыхтоўка анёлаў, што рабілі пастухі і тры мудрацы ў ноч перад Божым Нараджэннем. У гэтай батлейцы ўдзельнічала самая вялікая колькасць акцёраў.

Батлейка парафіі Езуса Міласэрнага вярнула гледачоў у школу, у «самы кепскі клас на паралелі». Але з’яўленне анёла і сузіранне цуда Божага Нараджэння дапамаглі вучням гэтаму класа выправіцца.

Асноўным сімвалам батлейкі, паказанай прадстаўнікамі Гарадка, стала Бэтлеемская зорка, а асноўнай ідэяй — словы з Евангелля: «Што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40).

У чым сутнасць Божага Нараджэння? што ці Хто стаіць у цэнтры гэтага дня? пра што так лёгка забыцца ў прадсвяточнай падрыхтоўцы? — на гэтыя пытанні прапанавалі свой адказ удзельнікі з Браслава.

Пра тое, што Божае Нараджэнне — гэта не толькі прыгожае сямейнае свята, а перадусім дзень нараджэння Езуса, гледачам нагадалі акцёры з Глыбокага, якія праз жарты і танцы запрасілі паразважаць над пытаннем: «Што я падараваў Езусу на Яго дзень нараджэння?»

Пасля заканчэння выступаў удзельнікаў чакаў гарачы абед і экскурсія ў анатамічны музей, а журы між тым займалася падвядзеннем вынікаў. Тры прызавыя месцы на сёлетнім конкурсе занялі парафія Езуса Міласэрнага, віцебская парафія святога Антонія і парафія Святой Тройцы ў Глыбокім. Акрамя таго, так ці інакш былі адзначаны ўсе прадстаўленыя батлейкі, а таксама многія выступоўцы асабіста.

На заканчэнне конкурсу біскуп Алег Буткевіч падзякаваў удзельнікам, арганізатарам і спонсарам, пасля чаго ўдзяліў усім прысутным пастырскае благаслаўленне.

На сайце Catholicnews.by можна паглядзець відэазапіс усіх конкурсных выступаў, а таксама паглядзець вялікі фотарэпартаж з конкурсу батлеек.

 

Абноўлена 09.01.2024 17:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця