Пошук

22.12.2023 11:55   Vatican News
Фота: Vatican Media

Катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі, якая адбылася 20 снежня ў ватыканскай Зале Паўла VI, Папа Францішак прысвяціў бэтлеемскім яслям і глыбокаму значэнню гэтай каталіцкай традыцыі, што ўзнікла восем стагоддзяў таму.

Са зместам папскай катэхезы знаёміць Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

«800 гадоў таму, на Божае Нараджэнне 1223 года, святы Францішак Асізскі зрабіў у Грэча першую жывую батлейку. У той час, калі ў дамах і многіх іншых месцах устанаўліваюцца ці ўжо ўстаноўлены бэтлеемскія яслі, нам будзе карысна зноў адкрыць для сябе іх вытокі», — сказаў на пачатку катэхезы Святы Айцец.

Папа спаслаўся на Тамаша Чэланскага, які пісаў, што Святы з Асізі хацеў паказаць усім, у якой нястачы Езус нарадзіўся у Бэтлееме, як Яго паклалі ў яслі паміж валом і аслом.

«Францішак не хацеў рабіць прыгожы твор мастацтва, але хацеў праз яслі абудзіць здзіўленне надзвычайнай пакорай Пана, цяжкасцямі, якія Ён зведаў з любові да нас у беднай бэтлеемскай пячоры», — сцвердзіў Пантыфік, заўважыўшы, што «ў гэтай кранальнай сцэне ззяе евангельская прастата, праслаўляецца беднасць, апавядаецца пра пакору».

«Батлейка ўзнікла як школа прастаты», а яе пасланне актуальнае ў нашыя дні. «Рызыка згубіць тое, што важнае ў жыцці, сёння з’яўляецца вялікай, і парадаксальным чынам яна павялічваецца менавіта перад Божым Нараджэннем», бо спажывальніцтва адцягвае ўвагу ад самага істотнага і пазбаўляе свята яго прастаты, — папярэдзіў Папа. «Бэтлеемскія яслі ўзніклі, каб вярнуць нас да таго, што важнае: да Бога, які прыходзіць, каб пасяліцца сярод нас», а таксама да іншых важных адносін: з членамі сям’і і блізкімі людзьмі, — дадаў Святы Айцец, нагадаўшы, што людзі заўсёды павінны быць важнейшымі за рэчы.

Пастыр паўсюднага Касцёла дадаў, што, паводле жыццяпісу Асізскага Бедняка, бэтлеемскія яслі ў Грэча сталі крыніцай вялікай радасці. Гаворка ідзе пра радасць, якая перапаўняе сэрца, бо нараджаецца ў выніку сустрэчы з блізкасцю і ласкавасцю Бога, які прыходзіць, каб суцешыць нас. «Блізкасць, ласкавасць і спагада — тры паставы Бога. Гледзячы на яслі, молячыся перад яслямі, мы можам адчуць гэтыя рысы Пана, якія дапамагаюць нам у штодзённым жыцці», — запэўніў Святы Айцец.

«Дарагія браты і сёстры, бэтлеемскія яслі — быццам маленькая студня, з якой можна чэрпаць блізкасць Бога, крыніца надзеі і радасці. Яслі — быццам жывое, хатняе Евангелле. Яны, як студня ў Бібліі, — месца сустрэчы, куды можна прынесці Езусу жыццёвыя чаканні і турботы, як зрабілі пастухі і жыхары Грэча. <…>

Калі мы перад яслямі даверым Езусу тое, што носім у сэрцы, таксама адчуем „вялікую радасць“, якая паходзіць з сузірання, духа здзіўлення, з якім углядаемся ў гэтыя таямніцы. Пойдзем жа да ясляў! Няхай кожны ўглядаецца ў іх і адчуе нешта ў сэрцы», — заахвоціў Папа на заканчэнне катэхезы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця