6 студзеня, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, у парафіі Святога Духа ў Гродне адбылося благаслаўленне парафіяльнага дома і крыжа, які будзе ўпрыгожваць новы касцёл.
Як паведамляе Прэс-служба Гродзенская дыяцэзіі, перад Эўхарыстыяй парафіяне прайшлі працэсіяй па вуліцах мікрараёна Альшанка, спяваючы калядныя песні і ўслаўляючы маленькага Езуса. Працэсію ўзначалілі тры каралі з дарамі.
У касцёле вернікі сустрэліся з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам, які далучыўся да спеваў.
На святой Імшы пастыр Гродзенскай дыяцэзіі памаліўся за ўсіх парафіянаў, а таксама здейсніў благаслаўленне крыжа і парафіяльнага дома.
У новым будынку, дзе размешчаны тры кабінеты для ўрокаў рэлігіі, дзе дзеці будуць вучыцца ўжо з гэтага года. Тут таксама знаходзіцца актавая зала, прызначаная для правядзення масавых сустрэч і мерапрыемстваў на хвалу Бога.
У парафіяльны дом былі запрошаны ўсе ахвотныя. Яны ацанілі яго ўтульнасць і камфорт. Прысутныя разам праспявалі калядкі.
Вернікі парафіі Святога духа падзякавалі Богу за Яго шчодрасць і ласкі і таксама выказалі словы падзякі свайму пробашчу ксяндзу каноніку Паўлу Салабуду, які безупынна клапоціцца пра дзяцей і іх духоўнае развіццё.