Пошук

28.12.2023 12:07   Svjazep.org / Фота: Віктар Ведзень / Svjazep.org / Catholic.by

26 снежня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзяў удзел у свяце грэка-каталіцкай парафіі святога і праведнага Язэпа ў Мінску.

Як паведамляецца на старонцы гэтай парафіяльнай супольнасці Svjazep.org, увечары на супольную малітву ў душпастырскім цэнтры святога і праведнага Язэпа сабраліся прадстаўнікі грэка-каталіцкіх супольнасцяў Мінска.

Парафіяльная ўрачыстасць праходзіла ў свята Сабору Найсвяцейшай Багародзіцы. Вернікі адначасова ўшаноўвалі Найсвяцейшую Панну Марыю і святога Юзафа, якога ў грэка-каталіцкай традыцыі называюць праведным Язэпам.

Арцыбіскуп Станеўскі ўзначаліў цэлебрацыю Літургію і прамовіў казанне. Іерарх звярнуў увагу на тое, што яго нябесны апякун, праведны Язэп, быў абаронцам Святой Сям’і.

«Ён ахоўваў Марыю і Езуса ва ўсіх абставінах жыцця, спрыяючы здзяйсненню Божых планаў.

Клопат святога Язэпа аб Святой Сям’і выявіўся ў тым, што ён усё сваё жыццё прысвяціў справе збаўлення. Ён з трывогай чакаў нараджэння Езуса, а потым з любоўю Яго прыняў. Ён выканаў першы рэлігійны абавязак у адносінах да Дзіцяці. Па загадзе Божым, ён стаў абаронцам сваёй сям'і ў эміграцыі. А потым — калі Бог прызначыў яму час вяртання — ён паслухмяна вярнуўся ў Назарэт і назіраў за духоўным сталеннем Езуса, які пад яго апекай „узрастаў у мудрасці, у гадах і ў ласцы ў Бога і ў людзей“», — растлумачыў арцыбіскуп.

«О шчаслівы святы Язэп! Табе было дадзена, што Ты бачыў Бога, Якога многія прагнулі бачыць і не бачылі, пачуць, але не чулі — не толькі бачыў і слухаў, але насіў, цалаваў, туліў, адзяваў і ахоўваў», — усклікае ў сваім разважанні святы Бэрнард.

«Сваімі паводзінамі Язэп вучыць сучасных бацькоў, што яны маюць не толькі абавязак забяспечваць матэрыяльны дабрабыт свайго дзіцяці, але перш за ўсё нясуць адказнасць за яго выхаванне. Бацькі не павінны ўскладаць выхаванне дзіцяці на плечы настаўнікаў і выхавацеляў. Задача школы — не замена бацькоў. Бо гэта менавіта бацькі павінны знаёміць сваіх дзяцей з абавязкамі і выхоўваць іх увернасці Божаму Закону. Гэта бацькі павінны навучыць дзіця законам, якія кіруюць светам і сумленнем.

Сённяшняму грамадству патрэбныя айцы, якія выконваюць свае абавязкі ў сям’і па прыкладзе святога Язэпа. Сёння патрэбны тата, які з усёй адвагай і рашучасцю, з дапамогай ласкі Божай, будзе абараняць сваю сем’ю ад усялякай знешняй і ўнутранай пагрозы», — падкрэсліў арцыбіскуп Станеўскі.

Пасля Літургіі адбылася братэрская агапа за святочным сталом. Вернікі мелі магчымасць выказаць сваю ўдзячнасць арцыпастыру за візіт.

Сёлета грэка-католікі ўзгадвалі 1160-ю гадавіну місіі святых Кірыла і Мятода, таму арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму быў падараваны абраз святых Апосталаў Славянаў.

 

Абноўлена 28.12.2023 12:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.