Пошук

27.12.2023 16:16   Падрыхтавала: Аляксандра Шпілеўская / Фота: з архіву сухараўскай парафіі / Catholic.by

22 снежня ў мінскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Сухараве ўсталявалі «ялінку святога Баніфацыя».

Сёлета ў жніўні сухараўская парафія прывітала новага пробашча — ксяндза Вадзіма Мізера MIC. На Божае нараджэнне новы душпастыр супольнасці прынёс нечаканую ідэю святочнай дэкарацыі.

«Падчас вучобы ў Польшчы я заўважыў звычай падвешваць хвойныя дрэвы. Гэтую традыцыю часам звязвалі з легендай пра святога Баніфацыя: быццам ён першы пачаў выкарыстоўваць ялінку для евангелізацыі. Як трохкутнік, яна сімвалізуе тры асобы Святой Тройцы», — растлумачыў святар.

Нараджэнне Пана ў Варшаве, 1926. Крыніца: Нацыянальны лічбавы архіў / Novayapolsha.eu

Святы Баніфацый (першае імя — Вінфрыд) нарадзіўся прыкладна ў 672 або 673 годзе і паходзіў з каралеўства Уэсэкс (поўдзень сучаснай Вялікабрытаніі). У 719 годзе ён атрымаў папскае благаслаўленне і прыняў новае імя — Баніфацый. З місіяй святар скіраваўся ў Германію, дзе яму давялося евангелізаваць язычнікаў, якія пакланяліся дрэву — Дубу Донар (Дубу Тора).

Паводле легенды, Баніфацый ссек гэтае велізарнае дрэва. Язычнікі чакалі імгненнага гневу свайго бога, але, як аказалася, дарма. Яны былі ўражаныя тым, як лёгка была зруйнавана іх святыня.

Дрэва ўпала і знішчыла ўсе расліны навокал. Ацалела толькі маленькая ялінка. Тады Баніфацый патлумачыў людзям, што гэтае маленькае дрэўца мацнейшае за дуб. Яно вечна зялёнае, як і вечны Бог, які дае людзям вечнае жыццё.

Святы Баніфацый знішчае паганскі культ / Swietatradycja.wordpress.com

Магчыма, святы Баніфацый быў першым, хто пачаў выкарыстоўваць ялінку для евангелізацыі, але сам звычай падвешваць дрэва, верагодна, існаваў асобна. Палякі і некаторыя іншыя народы ўсталёўвалі верхавіну ялінкі над вігілійным сталом або ў куце.

«Я марыў пра падвешаныя ялінкі, але заўсёды служыў у такіх святынях, дзе гэта было немагчыма зрабіць фізічна: столь высокая ці не было за што зачапіць дрэва. Але калі я трапіў у мінскую парафію, мая мара здзейснілася. У гэтым годзе ў нас адна ялінка, але, калі дасць Бог, у наступным годзе з’явіцца больш», — растлумачыў святар.

Насамрэч, «ялінкай святога Баніфацыя» у сухараўскай парафіі стала іншае дрэва. Для дэкора была абрана піхта. Гэтае дрэва больш «прыктычнае». Па-першае, яно не асыпаецца. Па-другое, яно роўнае, пушыстае і больш прывабнае для вока.

«Як Бог дасканалы, так і для Яго павінна ўсё быць дасканалым. Ведаю такую гісторыю, пра адну з вялікіх базылік. Там ёсць элементы, якія не бачны чалавечаму воку, але, нягледзячы на гэта, майстры папрацавалі над імі вельмі далікатна. Нехта іх спытаў: „Навошта? Людзі ж не бачаць“. Але майстры адказалі, што гэта бачыць Бог»,

— падзяліўся навукай марыянін.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця