Увечары 22 лютага каталіцкая моладзь Мінска сабралася на супольную малітву і адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Сухарава), дзе нясуць служэнне святары з законніцкай супольнасці марыянаў.
Такая малітоўная сустрэча на пачатку Вялікага посту адбывалася ў сталіцы ўжо ў шосты раз.
Сёлета на малітву праслаўлення Езуса ў Эўхарыстыі сабраліся каля сотні дзяўчат і юнакоў з розных парафій Мінска і ваколіц.
Перад адарацыяй адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Іерарх, які ў Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з’яўляецца адказным за душпастырства моладзі, звярнуўся са словам да сабраных у святыні маладых людзей і парафіянаў, а таксама благаславіў велікапосную малітоўную сустрэчу.
Пасля святой Імшы прывітальнае слова да ўдзельнікаў скіраваў вікарый парафіі ў Сухараве ксёндз Канстанцін Гушча MIC. Святар распавёў пра гісторыю паходжання кангрэгацыі марыянаў, яе мэты і задачы, а таксама пазнаёміў з тым, як вядзецца будаўніцтва святыні, у якой сабраліся маладыя людзі.
Са словам да сабраных юнакоў і дзяўчат звярнуўся ксёндз Андрэй Бурак, адказны за душпастырства моладзі ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Святар нагадаў пра актыўную падрыхтоўку да надыходзячага Юбілею 2025 года і пажадаў плённага перажывання сустрэчы.
Адарацыя была прысвечана тэме «Сустрэча з Богам». У спевах і малітвах моладзь разважала аб асаблівай прысутнасці Пана ў жыцці кожнага верніка. Музычным суправаджэннем адарацыю ўпрыгожыла моладзь з мінскай парафіі Маці Божай Ружанцовай (Лошыца).
Адарацыйныя разважанні былі падзеленыя на некалькі частак і закраналі важныя пытанні, адказы на якія стануць дзейснай дапамогай у сустрэчы з Богам.
Першай умовай для таго, каб гэтая сустрэча адбылася, з’яўляецца ахвяраваны час для Бога. Кожны з прысутных разважаў над тым, ці ёсць такі час у ягоным жыцці.
Гэта не проста час, адведзены на выкананне рэлігійных практык ці хрысціянскіх абавязкаў, а час, прысвечаны менавіта Богу, які чалавек жадае правесці ў размове са сваім Настаўнікам.
Для плённага перажывання гэтага часу, у сваю чаргу, важна мець духоўны і цялесны спакой. Кожны з прысутных стараўся знайсці адказы на пытанні, як належным чынам падрыхтавацца да плённага перажывання часу, прысвечанага Богу; як падрыхтаваць сваё сэрца, бо да размовы з Богам неабходна прыступаць з ачышчаным ад граху сэрцам, каб быць здольным атрымаць аздараўленне і ацаленне.
Удзельнікі адарацыі імкнуліся ўсвядоміць, што Бог жадае не толькі слухаць, але таксама жадае прамаўляць, і таму чалавек павіннен быць гатовым слухаць свайго Пана, даць Яму магчымасць прамовіць. Пры гэтым важна не толькі чуць Яго слова, але таксама прымаць яго ў сваё сэрца і жыць Ім.
Паколькі Божае Слова заўсёды праўдзівае, юнакі і дзяўчаты задумаліся над тым, як яны самі становяцца перад Богам, наколькі адкрываюць перад Ім сваё сэрца і ці гатовыя прыняць праўду пра сябе.
Напрыканцы адарацыі ўсім ўдзельнікам былі раздадзеныя лісткі з сімвалічным духоўным заданнем на Вялікі пост: сустрэцца з Богам.
У наступным месяцы маладых людзей запрашаюць на наступную падзею — велікапоснае начное чуванне, якое адбудзецца ў ноч з 16 на 17 сакавіка ў мінскай архікатэдры.