Перад урачыстасцю Нараджэння Пана вернікі парафіі святога Сымона і святой Алены ў Мінску атрымалі ў падарунак жывую елку, якая была дастаўлена з Гомеля.
Як было паведамлена 25 снежня на парафіяльным сайце Сhyrvony.by, гэта адбылося ў межах штогадовай дабрачыннай акцыі «Святочная елка з Марыйных санктуарыяў Беларусі», арганізаванай мінскай парафіяй святога Сымона і святой Алены ў перыяд Адвэнту 2021 года. Паводле задумы душпастыра парафіі ксяндза каноніка Уладзіслава Завальнюка, гэта павінна было стаць своеасаблівым напамінам пра малітоўнае яднанне вакол Багародзіцы, а таксама паспрыяць збору сродкаў для Марыйных санктуарыяў Беларусі.
Два гады таму на пачтаку святой Імшы Пастэркі арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч паклаў фігуру нованароджанага Хрыста на сена ў яслях, каля якіх была ўсталявана елка з пушчы з-пад Будслава. У мінулым годзе елка была дастаўлена з гудагайскага санктуарыя Маці Божай Шкаплернай. Яе ўсталявалі побач з яслямі каля зачыненага касцёла. Сёлета акцыю працягнуў найстарэйшы каталіцкі іерарх у Беларусі біскуп Казімір Велікаселец, які нясе служэнне ў Гомелі.
Сярод незавершаных сцен будучай каталіцкай святыні ў гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, якая будуцецца ў Гомелі, біскуп Велікаселец благаславіў ялінку з пажаданнямі спакойнага Божага Нараджэння і з малітвай аб найхутчэйшым аднаўленні парафіяльнага жыцця ў зачыненым сталічным касцёле.
Чатырохметровае вечназялёнае дрэва з Гомеля было ўсталявана побач са святыняй, а каля яго — яслі з нованароджаным Дзіцяткам Езусам.
Парафія пад тытулам Найсвяцейшай Панны Марыі існавала ў Гомелі да 1938 года, пасля чаго была ліквідавана атэістычнй уладай. Святары былі рэпрэсаваны і забіты, а касцёл пазней узарваны. Цяпер каталіцкая супольнасць парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі адраджаецца, а з 2013 года па ініцыятыве біскуп Казіміра Велікасельца на ўскраіне другога па велічыні горада нашай краіны ўзводзіцца новы касцёл.
У алтары часовай капліцы, дзе цяпер адбываюцца набажэнствы, знаходзіцца абраз Абраз Маці Божай Гомельскай, Успамогі тых, хто ў патрэбе.
Ахвяраванні, складзеныя вернікамі ў межах дабрачыннай акцыі «Святочная елка з Марыйных санктуарыяў Беларусі», будуць скіраваны на будаўніцтва касцёла ў Гомелі.