Пошук

22.12.2023 13:33   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

21 снежня ў Гродне адбылася традыцыйная аплаткавая сустрэча для бедных, бяздомных i маламаёмных напярэдадні святаў Божага Нараджэння. На сустрэчы, у якой узяў удзел біскуп Гродзенскаі Аляксандр Кашкевіч, сабралося больш за 100 чалавек.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, на сустрэчы таксама прысутнічалі дырэктар дыяцэзіяльнага Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas ксёндз Алег Пятрашка, віцэ-канцлер Гродзенскай курыі ксёндз канонік Антоній Грэмза, сёстры з законніцкай супольнасці Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі), якія актыўна дапамагаюць бедным, а таксама пастар лютэранскай супольнасці Уладзімір Татарнікаў.

Спачатку прысутныя праспявалі калядкі, што дапамагло стварыць атмасферу Божага Нараджэння. Потым ксёндз Алег Пятрашка прывітаў удзельнікаў, нагадаў традыцыю дзялення аплаткай і яе сімволіку.

Пасля малітвы і благаслаўлення, удзеленага біскупам, прысутныя падзяліліся аплаткамі. Святары выказалі віншаванні ўдзельнікам сустрэчы.

Абед для сабраных, як кожны год, прыгатавалі сёстры назарэтанкі разам з валанцёрамі пры падтрымцы Caritas Гродзенскай дыяцэзіі. На абед былі прапанаваны суп, бульба, селядзец, салата з буракоў, хлеб і кампот з булкай.

Акрамя святочных сустрэч перад Божым Нараджэннем і Вялікаднем, для бедных штодня ладзяцца дармовыя абеды ў адмысловай сталоўцы. У людзей, якія маюць патрэбу ў вопратцы ці абутку, таксама ёсць магчымасць звярнуцца з просьбай аб дапамозе і атрымаць неабходнае.

  

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.