Пошук

20.12.2023 10:47   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: Сatholicnews.by

З 24 да 26 снежня, з нагоды 800-годдзя усталявання першых ясляў святым Францішкам у Грэча (Італія), айцы Францішкане, якія служаць у парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Удзеле (Віцебская дыяцэзія, Глыбоцкі дэканат) запрашаюць наведаць жывую батлейку з магчымасцю атрымаць поўны адпуст.

Пілігрымы змогуць памаліцца адмысловай малітвай пры незвычайных яслях, каля якіх можна будзе ўбачыць жывых жывёл: восліка, ламу, поні, авечак, цяля і козаў. Таксама можна будзе пачаставацца гарачай кавай і гарбатай з прысмакамі і набыць невялікія суверніры.

Батлейка будзе адчынена з 9.00 да 21.00.

З пытаннямі можна звяртацца праз сацыяльную сетку Instagram або па тэл.:

+375 (29) 772 56 78 – айцец Віктар.

Поўны адпуст

Папа Францішак дае поўны адпуст з нагоды 800-й гадавіны усталявання першых ясляў Святым Францішкам у Грэча

З нагоды 800-годдзя усталявання першых ясляў святым Францішкам у Грэча (Італія), Апостальская Пэнітэнцыярыя на моцы нададзеных ёй паўнамоцтваў Папам Францішкам пастанавіла:

Для ўзрастання пабожнасці вернікаў і збаўлення душ, пачынаючы з 8 снежня 2023 года — урачыстасці Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, да 2 лютага 2024 года — свята Ахвяравання Пана, вернікі Каталіцкага Касцёла могуць атрымаць поўны адпуст на агульных умовах, наведваючы касцёлы, якія належаць айцам францішканам, і молячыся перад усталяванымі там яслямі. Таксама вернікі могуць ахвяраваць гэты поўны адпуст як заступніцтва за душы вернікаў, якія знаходзяцца ў чысцы.

Пажылыя, хворыя і ўсе, хто па сур’ёзных прычынах не можа выйсці з дому, таксама могуць атрымаць поўны адпуст, узбуджаючы ў сабе жаль за свае грахі і пастанаўляючы як мага хутчэй выканаць умовы, патрэбныя для атрымання поўнага адпуста і духоўна далучаючыся да юбілейнага святкавання, ахвяруючы міласэрнаму Богу свае малітвы, боль і хваробы свайго жыцця.

Папа Францішак выказвае надзею, што для ўсёй Францішканскай Сям’і і для кожнага брата і сястры гэта дасць магчымасць духоўна і фізічна далучыцца да юбілею і атрымаць духоўнае абнаўленне.

Каб атрымаць поўны адпуст, неабходна:

  1. быць у стане асвячальнай ласкі пасля споведзі (неабавязкова спавядацца менавіта ў гэты дзень: можна зрабіць гэта загадзя);
  2. прыняць святую Камунію;
  3. памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца.

Заклік да Святой Сям’і і святога Францішка з Асізі

Адмысловая малітва, якою можна памаліцца каля ясляў

Добры Езу, сузіраючы гэтую батлейку, прашу ў Цябе ласкі прабачэння маіх грахоў. Ты — сонца, ўзыходзячае з вышыні, якое сталася целам, каб асвятліць тых, хто сядзіць у цемры і ў цені смерці. Ты пасяліўся сярод нас і палюбіў нас настолькі, што аддаў за нас сваё жыццё. Не прыйшоў асудзіць свет, але яго ўратаваць. Удзялі мне ласку шчырай скрухі і пакоры, каб я мог прызнацца ў сваіх слабасцях. Дай мне веру ў Тваю міласэрнасць і аднаві ўва мне радасць Твайго збаўлення.

Марыя, Маці Хрыста і Маці Касцёла, навучы нас радасці пакорных і тых, хто верыць Божым абяццанням. Дапамажы нам абвяшчаць веліч Бога, які спадарожнічае і ратуе церпячае чалавецтва. Ты — світанак новага стварэння. Ты — Панна, якую Бог учыніў Касцёлам, Ты — Маці ласкі і міласэрнасці. Пачуй нашую просьбу аб чуласці Твайго Беззаганнага Сэрца.

Святы Юзэфе, справядлівы і верны слуга Пана. Ты — святы і шчодры апякун. Не пазбаўляй сваёй апекі нас, згубленых пілігрымаў, у пошуках нашай сапраўднай айчыны. Беражы Касцёл у змаганні супраць пастак злога і навучы нас давяраць Таму, хто аддаў свайго адзінага Сына, каб уратаваць нас ад граху, зла і смерці.

Святы Францішку з Асізі, які так моцна ўпадабаў беднага і пакорнага Хрыста, што захацеў з верай і пабожнасцю перажыць у Грэча ноч Яго Народзінаў у Бэтлееме, маліся за нас, каб мы з чыстым сэрцам сузіралі прыгажосць уцелаўлення Божага Сына і слодыч Яго закліку да новага жыцця. Амэн.

Абноўлена 20.12.2023 15:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця