У нядзелю 21 студзеня ў Рыме каталіцкі святар здзейсніў абрад благаслаўлення двух аздобленых кветкамі ягнят, з воўны якіх пазней будуць зроблены паліі для Мітрапалітаў.
Як адзначае Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, гэты звычай, які падтрымліваюць некалькі манаскіх супольнасцяў у Вечным горадзе, мае шмятвяковую традыцыю. Пасля благаслаўлення сёстры даглядаюць жывёл, рыхтуючы іх да стрыжкі.
У літургічным календары 21 студзеня прыпадае ўспамін святой Агншкі, панны і мучаніцы.
Паводле легенды, гэтая маладая рымлянка, якая нарадзілася ў сярэдзіне або напрыканцы ІІІ стагоддзя, адмовіла пэўнаму ўплывоваму маладому чалавеку, які да яе заляцаўся. Дванаццацігадовая дзяўчына тлумачыла адмову тым, што не можа выйсці замуж, бо выбрала сабе Сужонка, якога не могуць убачыць вочы смяротнага чалавека. Нішто не магло прымусіць яе змяніць рашэння, і суддзя вынес Агнешцы смяротны прысуд. Паводле падання, ёй перарэзалі горла: такім чынам, як забівалі ягнят.
Паводле яшчэ адной легенды, пасля смерці дзяўчына з’явілася сваёй сям’і каля магілы, сярод хору паннаў і з ягняткам на руках. Таму святую Агнешку часта можна ўбачыць на абразах з ягнём. Але гэта можа быць і ў сувязі з тым, што яе імя сугучнае з лацінскім словам agnus — «ягнё».
У гонар маладой мучаніцы ў дзень яе літургічнага ўспаміну адбываецца благаслаўленне маладых авечак. Былі часы, калі абрад благаслаўлення жывёл здзяйсняў сам Папа. Апісанне гэтага рытуалу можна знайсці ў Рымскім цырыманіяле 1516 года, паведаміла нямецкаму каталіцкаму агенцтву KNA сястра Лідзія, архівістка з генеральнага дома Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта ў Рыме. Сёстры назарэтанкі апякуюцца авечкамі з 1888 года. Раней некалькі іншых манаскіх супольнасцяў выконвалі гэтае заданне, але потым перадавалі яго іншым, бо, напрыклад, зачыняўся кляштар або ў ім не было больш месца для жывёлы.
За дзень-два да 21 студзеня рымскія трапісты прыносяць у галоўны дом Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта дзвюх авечак. Паколькі ў гэтым кляштары, размешчаным у раёне Тэрмаў Траяна, няма саду, а ў Рыме ў студзені бывае зімна, сёстры рыхтуюць для жывёл цёплае памяшканне, у якім авечак мыюць, вычэсваюць і аздабляюць: адну — чырвонымі ружамі, як сімвал мучаніцтва, а другую — белымі, як сімвал дзявоцтва.
Раніцай 21 студзеня сёстры прыносяць ягнят у двух кошыках у базыліку святой Агнешкі за мурамі, дзе, як лічыцца, спачываюць рэліквіі святой панны і мучаніцы.
У мінулым ягнят у святыні прымалі дванаццаць паннаў у шлюбных сукенках, якія неслі жывёл у кошыках да алтара, апаядае сястра Лідзія. Сёння гэты звычай больш не існуе. Яшчэ некалькі гадоў таму сёстры пасля святой Імшы прыносілі ягнят Папу ў Ватыкан, але цяпер жывёлы благаслаўляюцца толькі святаром у базыліцы.
Пасля набажэнства ягнят бяруць сёстры бэнэдыктынкі святой Цэцыліі, кляштар якіх знаходзіцца за Тыбрам. Менавіта сёстры з гэтай манаскай супольнасці на працягу стагоддзяў робяць паліі. Палій — гэта круглая частка літургічнага адзення з воўны, якую носіць Папа, а таксама арцыбіскупы Мітрапаліты на тэрыторыі сваёй мітраполіі.
Ягнят стрыгуць падчас Вялікага тыдня перад Вялікаднем. Пасля благаслаўлення воўны ў місе на канфесіі святога Пятра ў ватыканскай базыліцы, што адбываецца ў Вялікі чацвер, сёстры бэнэдыктынкі ткуць з яе паліі, пасля чаго вышываюць на іх па шэсць чорных крыжоў.
Святы Айцец уручае паліі новым Мітрапалітам 29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, на знак адзінства паасобных касцёльных правінцый з Пасадам святога Пятра.
Акрамя таго, паліі на плячах арцыбіскупаў Мітрапалітаў нагадваюць пра мужнасць і непарушную веру маладой рымскай дзяўчыны.