16 снежня ў смаргонскай парафіі святога Міхала Арханёла (Гродзенская дыяцэзія) беларуская салезіянская сям’я традыцыйна перад Божым Нараджэннем падзялілася аплаткай.
Як паведамляе сайт Салезіянаў ксяндза Боско ў Беларусі Sdb.by, распачалася сустрэча з калядных спеваў у выкананні парафіяльных міністрантаў. Хлопцы заспявалі некалькі вядомых усім калядак, а ўсе сабраныя з задавальненнем далучылі свае галасы да іх спеву.
Калі музыка сціхла, да салезіянскай сям'і звярнуўся рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB. Ён звярнуў увагу на тое, што ўсе салезияне розныя: з розных сем’яў, асяроддзя, з рознай гісторыяй, але сабраныя разам дзякуючы святому Яну Боско. Кожная супольнасць, кожная галіна салезіянскай сям'і імкнецца жыць згодна з акрэсленымі правіламі.
Святар зачытаў ліст ксяндза Боско, які святы напісаў у 1884 годзе сваім паслядоўнікам.
У ім святы апостал моладзі выказваў сваю айцоўскую падтрымку і пастырскія настаўленні для салезіянаў, а таксама вялікую любоў да салезіянскай сям’і і моладзі. Нягледзячы на тое, што мінула амаль 100 гадоў з моманту напісання гэтага ліста, словы святога актуальныя і сёння.
Пасля прадстаўнікі кожнай галіны салезіянскай сям’і выказалі свае агульныя пажаданні і святочныя віншаванні, а фінальным пунктам сустрэчы стала асабістае дзяленне аплаткай і супольная вячэра.