Пошук

11.12.2023 19:02   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Станіслаў Бервячонак / Grodnensis.by

8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, у супольнасці Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшоў дзень засяроджання.

Як паведамляе прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, на сустрэчы семінарысты мелі магчымасць паразважаць над жыццём Маці Божай.

Дзень засяроджання распачаўся ўвечары 7 снежня ўрачыстымі Нешпарамі і ўводнай канферэнцыяй духоўнага айца семінарыі ксяндза Яна Сарэлы пра гісторыю ўзнікнення догмату аб Беззаганным Зачацці Марыі. Пасля надышоў час цішыні.

У дзень урачыстасці семінарыстаў чакала малітоўная праграма, якая садзейнічала таму, каб іх малітоўнае засяроджанне было плённым.

Дзень пачаўся Гадзінкамі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі і медытацыяй над Божым словам.

Галоўным момантам дня засяроджання стала прысвячэнне Беззаганнаму Сэрцу Марыі, таксама была магчымасць аднавіць гэтае абяцанне.

Падчас Ружанца, наступнага пункту дня засяроджання, семінарыйная супольнасць малілася ў інтэнцыі ўсіх выпускнікоў гэтай навучальнай установы і за тых, хто ўжо адышоў у вечнасць.

Спецыяльна быў адведзены час для споведзі.

Пятніца, калі праходзіў дзень засяроджання, звычайна прызначана ў семінарыйным распарадку для больш глыбокага паяднання з Богам.

Пасля адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і абеду адбылася святая Імша. На Эўхарыстыі ўдзельнікі разважалі аб унутранай прыгажосці Маці Божай і аб тым, што толькі з Яе дапамогай можна назваць грэх грахом. Акрамя таго, духоўны айцец семінарыі нагадаў, што Панна Марыя з’яўляецца Апякункай гэтай установы.

Завяршыўся дзень засяроджання спевам Акафісту ў гонар Маці Божай у выкананні семінарыстаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа