9 і 10 снежня ў вёсцы Ляскоўка (Мінскі раён), а потым у катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску адбылася сустрэча валанцёраў парафіяльных Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Удзел у мерапрыемстве ўзялі валанцёры, якія актыўна вядуць дзейнасць у парафіях у Заслаўі, Маладзечне, Нясвіжы і Стоўбцах.
Сярод жадаючых далучыцца да дабрачыннай дзейнасці Caritas былі вернікі парафій Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха на Залатой Горцы, Мінск), Найсвяцейшага Імя Марыі (Мінск), святога Андрэя, апостала, і святога Леапольда Багдана Мандзіча (Мінск), святых Сымона і Алены (Мінск), Найсвяцейшага Сэрца Езуса і святога Крыштафа (Калодзішчы), Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (Будслаў).
Першы дзень у Дзіцячым дабрачынным цэнтры святога Лукі распачаўся святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў дырэктар Caritas Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі брат Анатоль Ярошка OFMCap.
У гаміліі ён звярнуў увагу на важнасць валанцёрскай дзейнасці. Брат Анатоль пажадаў прысутным быць святлом і несці надзею людзям патрабуючым, мець адвагу і не звяртаць увагі на цяжкасці і перашкоды, якія ўзнікаюць на шляху; быць рашучымі ў сваёй дзейнасці і мець вялікі давер да Бога, які клапоціцца пра кожнага чалавека праз ўчынкі міласэрнасці, што здзяйсняюць валанцёры.
Пасля супольнай малітвы ўдзельнікі сустрэчы перайшлі ў канферэнц-залу. Дырэктар Caritas прывітаў валанцёраў і перадаў слова сястры Валерыі Пацукевіч MSF, якая з’яўляецца адказнай за дабрачынную дзейнасць у Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і.
Сястра Валерыя правяла трэнінг, падчас якога распавяла пра важныя характырыстыкі, якімі павінна акрэслівацца якаснае валанцёрства: бясплатнасць, карыснасць, акцэнт на сацыяльныя групы, маштаб працэсу.
Законніца падкрэсліла асаблівую важнасць духоўнасці валанцёраў. Яна параіла запрашаць Бога да кіраўніцтва штодзённымі справамі, заклікала ахвяроўваць працу ў канкрэтных інтэнцыях, а таксама рабіць рахунак сумлення на заканчэнне дня.
На працягу трэнінга сястра распавядала пра хрысціянскае служэнне па кнізе Тобія.
Законніца звярнула ўвагу ўдзельнікаў сустрэчы на тое, што чалавек — гэта начынне, якое патрэбна напаўняць, каб быць карысным, а не пустым. І таму патрэбна абавязкова ўдзяляць час на адпачынак і напаўняць сябе цікавымі ведамі, а таксама духоўнай літаратурай і клапаціцца пра сваё цела.
Увечары валанцёраў чакала забаўляльная праграмма. Удзельнікі сустрэчы з радасцю паказалі свае тэатральные здольнасці ў бібліядраме па ўрыўках са Святога Пісання, падзяліліся сваімі музычнымі талентамі і вершамі ўласнага напісання.
Другі дзень распачаўся з Імшы ў мінскай катэдры Найсвяцейшага Імя Марыі, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Іерарх цэлебраваў святую Імшу ў інтэнціі валанцёраў.
«Браты і сёстры, пажадана, каб у кожнай парафіі дзе гэта магчыма, быў створаны парафіяльны цэнтр Caritas, дзейнасць якога адпавядала б яго мэтам. Гэта сродак, які дапамагае парафіяльнай супольнасці даваць штодзённае сведчанне хрысціянскай любові ў адносінах да тых людзей, якім так патрэбна дапамога»,
— пажадаў арцыбіскуп.
Сустрэча працягнулася ў дольным касцёле, дзе намеснік дырэктара Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Вольга Лабуць прадставіла вынікі дзейнасці арганізацыі за 2023 год, а таксама падрыхтавала прэзентацыю пра сутнасць працы парафіяльнага Caritas.
У сваім выступе яна падкрэсліла, што Caritas з’яўляецца нед’емнай часткай Касцела, разам з літургіяй і катэхізацыяй, а таксама той факт, што кожны хрысціянін пакліканы да справаў міласэрнасці. Таксама была падкрэслена матадалогія працы Caritas па прынцыпе «слухаць–назіраць–распазнаваць», што дазваляе адпаведным чынам рэагаваць на патрэбы супольнасці. Эфектыўнасць методыкі падкрэсліваюць і шматлікія праэкты Caritas.
У кожнага ўдзельніка была выдатная магчымасць зрабіць маленькую добрую справу — падпісаць віншавальныя паштоўкі для людзей, якія знаходзяцца ў аддзяленні сястрынскага догляду Крупскай бальніцы і ў адзяленні кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў Бярэзінскага ТЦСАН.
Валанцёры з Заслаўя, Маладзечна, Нясвіжа і Стоўбцаў прадставілі дабрачынную дзейнасць сваіх парафіяльных цэнтраў Caritas за ўвесь час з пачатку іх заснавання.
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі выказаў словы ўдзячнасці валанцёрам і заклікаў далучаць да дабрачыннай дзейнасці ўсю парафіяльную супольнасць, каб кожны здзяйсняў запаведзі Езуса Хрыста служачы бліжнім і патрабуючым.
Валанцёры парафіяльных Caritas былі ўзнагароджаны граматамі падзякі за ўнёсак у сацыяльную дапамогу і распаўсюджванне справаў дабрачыннасці, за чалавечую годнасць і міласэрнасць.