У пятніцу 8 снежня ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Паколькі гэта ўрачыстасць, або літургічнае святкаванне найвышэйшай ступені, канцлер Мітрапалітальнай Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, кананіст ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі нагадвае, што з гэтай нагоды ўсе вернікі, паводле канона 1251 Кодэкса Кананічнага Права Рыма-Каталіцкага Касцёла, не маюць абавязку ўстрымлівацца ў гэты дзень ад мясных страваў.
Канон 1251, між іншым, наказвае, што ўстрыманне ад мяса ці іншых відаў ежы паводле прадпісанняў Канферэнцыі біскупаў належыць захоўваць ва ўсе пятніцы на працягу года, акрамя тых, на якія прыпадае нейкая ўрачыстасць.
Разам з тым святар нагадвае, што ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця ўсе вернікі маюць абавязак удзелу ў святой Імшы.
У адпаведнасці з канонам 1248 § 1, абавязак удзелу ў Імшы выконвае той, хто прысутнічае на ёй у любым месцы, дзе яна цэлебруецца ў каталіцкім абрадзе, або ў сам святочны дзень, або напярэдадні вечарам.