Пошук

27.11.2023 11:55   Паводле: wroclaw.gosc.pl / Фота: wroclaw.gosc.pl / Пераклад і адаптацыя: Аляксандра Шпілеўская / Catholic.by

25 лістапада ў Кангрэгацыі місіянераў клярэтынаў сакрамэнт пасвячэння ў ступені дыяканату прыняў брат з Беларусі.

У парафіі святога Лаўрэнція ва Уроцлаве (Польшча) брат Дзмітрый Дубай CMF прыняў пасвячэнне дыяканату з рук дапаможнага біскупа Уроцлаўскай архідыяцэзіі Яцэка Кіціньскага CMF.

Брат Дзмітрый Дубай паходзіць з парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Нястомнай Дапамогі ў вёсцы Ізабэлін (Гродзенская дыяцэзія). Родныя законніка, якія жывуць у Беларусі, не змаглі прысутнічаць на пасвячэнні, але далучыліся духоўна праз інтэрнэт-трансляцыю. 8 верасня брат Дзмітрый даў вечныя манаскія абяцанні у парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў мястэчку Зэльва (Гродзенская дыяцэзія, Слонімскі дэканат).

Цэлебрацыю святой Імшы з удзяленнем сакрамэнту пасвячэння ўзначаліў біскуп Кіціньскі, які таксама належыць да законніцкай супольнасці клярэтынаў.

«Дзякуем Богу за дар жыцця і пакліканне брата Дзмітрыя. Калі Езус кліча сваіх вучняў, Ён называе іх па імені. Такім чынам, ён ведае, хто яны і якія яны. Вучні — простыя людзі, рыбакі з Галілейскага мора. У кожнага з іх была свая праца. Па закліку Езуса яны пакінулі ўсё і пайшлі за Ім. Потым, пасля пэўнага этапу знаходжання з Хрыстом, яны былі пасланыя да згубленых з дома Ізраэля. Езус спачатку пасылае іх да свайго народа, ізраэльцянаў. Толькі ў канцы Езус пашле іх прапаведваць па ўсім свеце», — навучаў у гаміліі біскуп.

Іерарх падкрэсліў, што апосталы павінны быць разважлівымі, як змеі, і простымі, як галубы. Святы Айцец Францішак зазначыў, што манаскае жыццё з’яўляецца найбольш радыкальнай формай наследавання Езуса Хрыста: чыстага, убогага і паслухмянага.

«Манаскае жыццё павінна быць працягам місіі Езуса. Быць пакліканым азначае быць пазнаным Езусам. Таму я даю Езусу пазнаць сябе, а Ён дае пазнаць Яго. Тут нараджаецца сапраўдная вера, якая становіцца сяброўствам. Быць пакліканым азначае прыняць радыкальны лад жыцця», — сцвердзіў біскуп Кіціньскі.

Іерарх дадаў, што ў сучасным манаскім жыцці людзі больш давяраюць сабе, чым Езусу, імкнуцца больш разлічваць на свае сілы, чым на моц Хрыста.

«Мы павінны памятаць вельмі важныя словы: „Дарма атрымалі, дарма і давайце“. Тры рэчы надзвычай важныя ў законніцкім пакліканні і клярэтынскай харызме: даступнасць, адданасць і бескарыслівасць. І гэтага чакае ад нас Езус.

Дарагі Дзмітрый, ты быў пакліканы і будзеш пасланы настаяцелямі. Езус ведаў цябе і паклікаў цябе па імені. Езус прагне твайго служэння. Ён ведае твае моцныя і слабыя бакі», — падкрэсліў біскуп.

Ён дадаў, што заданне новага дыякана — пастаяннае пазнаванне Езуса праз чытанне Божага Слова, у сакрамэнтах і ў Эўхарыстычнай адарацыі. Біскуп пажадаў дыякану заўсёды мець час для Езуса, бо тады Езус дасць яму час для людзей.

«Калі будзеш пасланы, не забывайся быць сведкам любові Езуса. Перш за ўсё да бедных, адкінутых і пагарджаных людзей. Абвяшчай ім словы надзеі і Добрую Навіну. Дыякан — слуга алтара і слуга міласэрнасці. Пры алтары міласэрнасці стаяць бедныя, занядбаныя, адкінутыя людзі, часта брудныя звонку і ў сэрцах. Пры алтары Пана і пры алтары міласэрнасці знаходзіцца той самы Езус Хрыстус», — звярнуў увагу пастыр.

Ён пажадаў Дзмітрыю быць дыяканам бедных, не адварочваць ад іх твару, памятаючы, што служыць Езусу Хрысту, Валадару Сусвету.

«Будзь знакам надзеі для тых, хто пазбаўлены надзеі. Езус кліча кожнага з нас і дае нам тое, што неабходна, каб стаць святымі»‎, — запэўніў напрыканцы гаміліі біскуп Яцэк Кіціньскі.

 
Абноўлена 27.11.2023 11:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа