8 чэрвеня, ва ўспамін Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі, сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату прыняў дыякан Дзмітрый Дубай з Кангрэгацыі місіянераў клярэтынаў.
Пасвячэнне маладому законніку ўдзяліў у касцёле Хрыста Валадара Сусвету ў Азёрах (Гродзенская дыяцэзія, дэканат Гродна-Усход) біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Новапрэзбітэр паходзіць з парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Ізабэліне (Ваўкавыскі дэканат).
У Эўхарыстыі, на якой адбылося пасвячэнне, удзельнічала духавенства, у тым ліку ксяндзы клярэтыны, семінарысты, родныя новапрэзбітэра і вернікі парафіі, з якой ён паходзіць. Прысутнічала шмат вернікаў парафіі ў Азёрах, для якой гэтая падзея была вельмі важнай, бо пасвячэнне ўдзялялася ў ёй упершыню.
Біскуп Кашкевіч, які ўзначаліў цэлебрацыю, у гаміліі падкрэсліў значэнне місіі кожнага святара, адзначыўшы, што той павінен абвяшчаць Добрую навіну не толькі словам, але і ўсім сабой, асабістым сведчаннем, праўдай свайго жыцця.
Па словах біскупа, задача святароў — быць добрымі прыладамі ў руках Бога, вернымі распарадчыкамі Яго ласкі.
«Чым больш святар будзе ўсведамляць, які неспасціжна вялікі дар дадзены яму, чым больш ён будзе ўсведамляць давер, які праяўляе да яго Хрыстус, з тым большай руплівасцю і адданасцю будзе дзяліцца Божымі ласкамі з тымі, да каго будзе пасланы», — дадаў іерарх.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне назваў цудоўным знакам Божага Провіду тое, што гэтае пасвячэнне ўдзяляецца ў літургічны ўспамін Беззаганнага Сэрца Панны Марыі. Біскуп заўважыў, што Маці Божую глыбока шанаваў святы Антоній Марыя Клярэт, заснавальнік законніцкай супольнасці, да якой належыць новапрэзбітэр Дзмітрый. Іерарх заклікаў яго пастаянна браць з Панны Марыі прыклад:
«З дапамогай Божай ласкі выхоўвай сваё святарскае сэрца на ўзор Яе Беззаганнага Сэрца, якое палае агнём любові да Бога і бліжняга, якое поўнае пакоры і сціпласці, веры і даверу Богу, адданасці і жадання служыць».
Напрыканцы Імшы новапрэзбітэр падзякаваў усім, хто суправаджаў яго на шляху да Хрыстовага алтара, выказаў падзяку таксама за прысутнасць побач з ім у гэты важны для яго дзень і папрасіў аб малітве, што дапаможа яму аддана служыць людзям, да якіх ён будзе пасланы.
На наступны дзень, 9 чэрвеня, у парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла і Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Ізабэліне (Ваўкавыскі дэканат) ксёндз Дзмітрый Дубай цэлебраваў сваю першую святую Імшу.
Прыміцыйная ўрачыстасць маладога святара распачалася ў яго родным доме.
Адтуль новапрэзбітэра правялі ў парафіяльны касцёл, які ён наведваў у час свайго сталення і ў якім адкрываў пакліканне да святарства.
Сваю першую Эўхарыстыю ксёндз Дзмітрый цэлебраваў у інтэнцыі тых, хто перадаў яму дар жыцця і веры і суправаджаў яго на шляху да Хрыстовага алтара.
Касцёл быў поўны парафіянаў і гасцей.
У ізабэлінскай парафіі гэта была першая прыміцыйная Імша. Мясцовыя вернікі з вялікай радасцю павіншавалі свайго земляка, запэўніўшы, што будуць працягваць падтрымліваць яго служэнне малітвай.
Пробашч парафіі ксёндз Генадзь Кухарэвіч CSMA падзякаваў парафіянам за ўдзел у падрыхтоўцы ўрачыстасці.
Ксёндз Дзмітрый Дубай CMF стаў другім клярэтынам, які паходзіць з Беларусі. Першым з’яўляецца ксёндз Віталій Чабатар CMF з Гродна: ён нясе служэнне ў Магілёве.