Пошук


21 лістапада ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Шкаплернай ў Гудагаі (Астравецкі дэканат) браты кармэліты босыя адзначылі ўрачыстасць мясцовай структуры свайго ордэна — Рэгіянальнага вікарыяту.

Удзел у агульнабеларускай малітоўнай сустрэчы кармэлітаў босых узяў кусташ Беларускай кустодыі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў брат Сяргей Мацюшонак OFMCap.

На сустрэчы прысутнічалі таксама Рэгіянальны вікарый айцец Пётр Фраштэнга OCD, члены рады Рэгіянальнага вікарыяту — айцец Сяргей Трысцень OCD (першы радца) і айцец Аляксандр Стока OCD (другі радца), настаяцелі манаскіх дамоў вікарыяту — айцец Сяргей Трысцень OCD з Мінска, айцец Генрык Валэйка OCD з Мядзела, айцец Павел Герман OCD з Нарачы, а таксама айцец Аркадзь Куляха OCD з Гудагая і іншыя манахі.

Капуцын брат Сяргей Мацюшонак узначаліў цэлебрацыю святой Імшы перад цудадзейным абразом Маці Божай Шкаплернай. Прысутныя маліліся праз заступніцтва святога Рафала аб Божым благаслаўленні для супольнасці кармэлітаў босых у нашай краіне.

Святы Рафал з’яўляецца апекуном Рэгіянальнага вікарыяту кармэлітаў босых у Беларусі.

Ён нарадзіўся ў Вільні ў 1835 годзе ў шляцецкай сям’і, пры хросце яму было дадзена імя Юзаф. Атрымаў добрую адукацыю, будаваў удалую кар’еру ў галіне ваеннай інжынерыі. Пасля паўстання 1863 года быў пазбаўлены шляхецкіх правоў і матэрыяльных дабротаў і сасланы ў Сібір на дзесяць гадоў. У дарогу будучы святар узяў крыж, Новы Запавет i кнігу Тамаша Кемпійскага «Следам за Хрыстом». Пасля вызвалення Юзаф Каліноўскі прыбыў у дом айцоў кармэлітаў у Грацы (Аўстрыя), дзе ўступіў у Ордэн кармэлітаў босых і атрымаў імя Рафал. У 1899 годзе стаў Генеральным вікарыем кармэлітаў босых у Галіцыі. Праславіўся святасцю і асаблівым дарам спаведніка.

Памёр 21 лістапада 1907 годзе ад сухотаў. Быў абвешчаны бласлаўлёным папам Янам Паўлам ІІ у 1983 годзе, кананізаваны ў 1991 годзе. Святы Рафал Каліноўскі лічыцца апекуном афіцэраў і вайскоўцаў, заступнікам у цяжкіх і безнадзейных сітуацыях.

 

Абноўлена 22.11.2023 13:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця