Пошук

14.11.2023 12:03   Паводле: Catholicnews.by / Фота: Леанід Юрык / Catholicnews.by

З 12 лістапада ў Віцебску распачалося святкаванне юбілею 25-годдзя з часу заснавання Віцебскай дыяцэзіі.

Як нагадвае Catholicnews.by, у гэты дзень адзначалася таксама 400-годдзе з часу мучаніцкай смерці святога апекуна самай маладой дыяцэзіі Касцёла на Беларусі — святога арцыбіскупа Полацкага Язафата Кунцэвіча. Святкаванне юбілею распачалося ўрачыстай святой Імшой у катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Пасля Эўхарыстыі адбылося падвядзенне вынікаў літаратурна-мастацкага конкурса «(Не)вядомы заступнік».

На наступны дзень у катэдральнай святыні сабраліся святары і кансэкраваныя асобы, якія нясуць служэнне ў Віцебскай дыяцэзіі, на сустрэчу са сваім біскупам.

Пробашч грэка-каталіцкай парафіі святога Язэпа ў Мінску протапрэзбітэр Андрэй Абламейка прамовіў канферэнцыю, у якой бліжэй пазнаёміў прысутных з асобай святога Язафата. Святар распавёў гісторыю атрымання з Вены рэліквіі ex indumentis святога біскупа і мучаніка — набедраніка. Гэтую частку ўбрання грэка-каталіцкага святара ў выглядзе парчовага прамавугольніка, якая носіцца на баку ніжэй пояса, перадаў спецыяльны пасланнік Папы Францішка арцыбіскуп Венскі кардынал Крыстаф Шонбарн падчас урачыстасцяў у Будславе ў 2016 годзе.

Святую Імшу ў межах пастырскай сустрэчы цэлебраваў біскуп Буткевіч разам са святарамі дыяцэзіі і прысутнымі грэка-каталіцкімі сабратамі з Віцебска і Мінска.

«400 гадоў таму 12 і 13 лістапада былі нядзеляй і панядзелкам адпаведна, як і цяпер.

У нядзелю, калі было ўчынена забойства, ні ў цэрквах, ані ў касцёлах не адбылася святая Імша, не гучалі званы, якія пазней былі знятыя, а Віцебск пазбаўлены Магдэбургскага права. А панядзелак стаў такім „днём працверазення“, калі людзі пачалі асэнсоўваць, што сталася. Вядома, што пазней адбыўся працэс, паляцелі галовы, і тыя віноўнікі забойства, хто быў асуджаны на смерць, акрамя аднаго, прынялі ўніяцтва», — падкрэсліў біскуп.

Для пошуку адзінства хрысціянаў іерарх прапанаваў святарам наследаваць прыклад святога Язафата.

Падчас арганізацыйнай часткі пастырскай сустрэчы былі прадстаўлены анонсы запланаваных на бліжэйшыя месяцы мерапрыемстваў у межах святкавання юбілею:

З нагоды святкавання юбілею 25-годдзя з часу заснавання Віцебскай дыяцэзіі, якое будзе працягвацца да 1 снежня 2024 года, біскуп Алег Буткевіч аб’явіў аб вызначэнні пяці юбілейных святыняў і магчымасці атрымання поўнага адпусту:

  • катэдральны касцёл Езуса Міласэрнага ў Віцебску,
  • касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Браславе — дыяцэзіяльны Санктуарый Маці Божай Браслаўскай,
  • касцёл святога Андрэя Баболі ў Полацку,
  • касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім,
  • касцёл святога Антонія Падуанскага ў Паставах.

Пробашчам парафій гэтых касцёлаў былі ўручаны адмысловыя памятныя дошкі, якія будуць размешчаны на бачным месцы, каб кожны, хто ўваходзіць у святыню, ведаў, што на бліжэйшы год тут дзейнічае асаблівы адпустовы прывілей.

Для атрымання поўнага адпусту неабходна выканаць наступныя ўмовы:

  • прыступіць да сакраманту споведзі
  • прыняць святую Камунію
  • памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца, якая павінна ўключаць у сябе Апостальскі Сімвал Веры
  • наведаць з пілігрымкай юбілейныя касцёлы ў Віцебскай дыяцэзіі і там пабожна ўзяць удзел у юбілейных урачыстасцях ці прынамсі правесці там адпаведны час у малітве або пабожных разважаннях, якія завершацца Малітвай Панскай (Ойча наш), Сімвалам веры і заклікамі да Найсвяцейшай Панны Марыі.

Пажылыя, нямоглыя, вязні і ўсе, хто па сур’ёзных прычынах не можа выйсці з дому, змогуць атрымаць поўны адпуст, не маючы ніякай прывязанасці да граху, маючы намер выправіцца як мага хутчэй, выканаць тры звычайныя згаданыя вышэй умовы, і духоўна далучыцца да юбілейных святкаванняў, ахвяруючы міласэрнаму Богу ўласны боль ці нязручнасці жыцця.

 

Абноўлена 14.11.2023 12:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.