Пошук

13.11.2023 07:08   Тэкст і фота: Catholicnews.by

11 лістапада ў касцёле святога Казіміра ў Лепелі (Віцебская дыяцэзія) ўпершыню прайшло набажэнства ў гонар святога Губерта, нябеснага апекуна паляўнічых, леснікоў, рыбакоў і ўсіх тых, чыя праца звязана з лясной гаспадаркай.

Як адзначаецца на сайце Catholicnews.by, мерапрыемства ў лепельскай парафіі было арганізавана сумесна з турыстычным комплексам «Заранка», і на яго былі запрошаны лепельскі лясгас і ўсё паляўнічыя, прычым не толькі з Лепельскага раёна.

Ганаровым госцем стаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы.

Набажэнства пачалося пад гукі паляўнічага рога. Звяртаючыся да прысутных, біскуп Буткевіч адзначыў, што стала ўжо добрай традыцыяй праводзіць такую сустрэчу ўвосень з нагоды ўспаміну святога Губерта, які адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле 3 лістапада.

Віншуючы паляўнічых, рыбакоў і леснікоў са святам іх апекуна, іерарх пажадаў, каб яны «праз сваё хобі знайшлі Бога і жылі Ягонай праўдай».

Напрыканцы Імшы біскуп Алег Буткевіч уручыў падзячныя граматы «За беражлівыя адносіны да каштоўнасцяў прыроднай спадчыны».

Пробашч лепельскай парафіі ксёндз Уладзімір Заянчкоўскі выказаў словы ўдзячнасці біскупу, святарам, тым, хто дапамог арганізаваць урачыстасць, а Пану Богу — за магчымасць здабываць звера.

Святар таксама пажадаў паляўнічым удалага палявання ў новым сезоне і звярнуў увагу на тое, што трэба не толькi iмкнуцца з палявання мець нейкую карысць, але і думаць пра захаванне прыроды.

Як адзначыў лепельскі пробашч, ён таксама любіць паўдзельнічаць у паляванні, калі ёсць вольны час. Хтосьці, можа, з прадузятасцю адносіцца да таго, што некаторыя ксяндзы любяць паляванне. Аднак, як сказана ў Святым Пісанні, Бог стварыў прыроду для чалавека, каб ён кіраваў ёю. Галоўнае, каб улада чалавека над прыродай ажыццяўлялася разумна, з павагай да стварэння, чаму нястомна вучыць Папа Францішак.

«У размове з аматарамі палявання заўсёды нагадваю пра малітву да нябеснага апекуна і заўважаю, што яны не супраць паўдзельнічаць у набажэнстве такога кшталту. Аднак трэба разумець, што малітва да святога — гэта не замова, каб здабыць звера, а просьба зберагчы нас ад усялякай небяспекі. І ні ў якім разе нельга грэбаваць патрабаваннямі бяспекі, бо тады святы Губерт можа не абараніць», — падкрэсліў ксёндз Уладзімір.

У гэты дзень многія даведаліся, што ў лепельскім касцёле святога Казіміра ёсць абраз святога Губерта, да якога можна прыйсці і памаліцца ў любы час.

Пасля набажэнства адбылося благаслаўленне транспартных сродкаў і паляўнічых сабакаў.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця