Пошук

10.11.2023 12:05   Тэкст і фота: Samaranin.by

Сёлета напрацягу лістапада ў Місіі Добрага Самараніна праходзіла хрысціянска-асветніцкая праграма «Рыхтуемся да балю Усіх Святых».

Пра гэта паведамляецца на старонцы Мiсiі Добрага Самаранiна пад апекай святой Уршулi Ледухоўскай Samaranin.by.

Падчас восеньскіх канікул дзеці, якія наведвалі Хрысціянскі сацыяльны цэнтр, даведаліся пра жыццё і шлях да святасці святога Марціна, святога Яна Паўла ІІ, святога Станіслава Папчынскага, святога Пія Х, святой Уршулі Ледухоўскай і благаслаўлёнага Юрыя Матулевіча.

Лістапад у Касцёле распачынае ўрачыстасць Усіх Святых. 1 лістапада дзяцей вучылі ўзгадваць і ўшаноўваць ўсіх святых, як вядомых, так і невядомых, а таксама браць прыклад з іх жыцця і веры.

Хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся, што святасць праяўляецца не толькі ў рэлігійным кантэксце, але і ў штодзённым жыцці: у служэнні людзям, годным выкананні сваіх штодзённых аб​авязкаў.​

2 лістапада маліліся за ўсіх памерлых вернікаў, многія з якіх яшчэ не дасягнулі збаўлення і той еднасці з Богам, якую маюць святыя.​ Удзельнікі праграмы ўспаміналі блізкіх і дарагіх людзей, якія ўжо адышлі з гэтага свету. Дзеці даведаліся, што годным успамінам пра памерлых з’яўляецца запаленая свечка, але перш за ўсё — малітва за супакой душы.

На працягу тыдня праходзілі творчыя майстар-класы, інтэрактыўныя чытанні, пазнавальныя экскурсіі і вясёлыя гульні. Удзельнікі праграмы ўбачылі ўнікальную калекцыю абразоў «Нябесная варта Беларусі» і пазнаёміліся з беларускімі традыцыямі іканапісу. Пра значэнне выяваў, а таксама пра традыцыі іканапісу распавядаў куратар калекцыі абразоў Павел Каралёў.

У бібліятэцы Місіі адбыліся гучныя чытанні кнігі «Вулкан і цялятка, якое выратаваў Пу». Пасля прачытання юныя ўдзельнікі разважалі пра ахвярнасць і дабрыню. У кнізе апавядаецца пра мужнасць звычайнага чалавека, пра адвагу і вялікую радасць узаемадапамогі.

Дзеткі наведалі Літаратурны музей Максіма Багдановіча, дзе пабачылі батлейку — старажытны лялечны тэатр, які з’явіўся ў Беларусі ў XVI–XVII стагодзяў. Маленькія гледачы даведаліся, што першапачаткова батлеечныя спектаклі арганізоўвалі ў касцёлах, пасля да правядзення батлеек далучыліся шкаляры і семінарысты, але найбольшую папулярнасць народны тэатр набыў у ХІХ стагодзі, калі сталі паказваць спектаклі сяляне і рамеснікі.

Удзельнікі праграмы таксама наведалі Музей беларускай маляванкі, які прысвечаны традыцыйнаму роспісу​ маляваных дываноў.

Падчас экскурсіі дзеткі даведаліся, што калекцыя маляваных дываноў Заслаўскага музея-запаведніка з’яўляецца найбагацейшай у Беларусі: у залах пастаяннай экспазіцыі дэманструюцца арыгінальныя дываны​ Язэпа Драздовіча і Алены Кіш, у зале часовай экспазіцыі — дываны​ Фёдара Сухавілы, Іпаліта Ворсы, Ніканора Зосіка​ і іншых аўтараў.

Пасля экскурсіі дзеткам пашанцавала паўдзельнічаць у майстар-класе з мастачкай Анастасіяй Балыш. Для іх быў падрыхтаваны стол і фарбы ў экспазіцыйнай прасторы. Кожны маляваў свае ўражанні — краявіды з выявамі святынь і замкаў,​ казачныя кветкі і жоўтых ільвоў.

У завяршэнне праграмы адбыўся доўгачаканы «Баль Усіх Святых».

Традыцыйна дзеці выбіралі святога, пераапраналіся ў самаробны касцюм, каб уявіць сябе гэтым чалавекам і глыбей пазнаёміцца з яго асобай.

У адным месцы сабралася вялікая колькасць «святых»: святая Тэрэза са святым Францішкам, святы Арханёл Міхал і святая Уршуля Ледухоўская, анёлы Божыя на зямлі і іншыя выдатныя постаці Нябеснага Ерузалема.

 

Абноўлена 10.11.2023 12:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа