Пошук

07.11.2023 10:34   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Яўген Занеўскі / Grodnensis.by

3 лістапада, у актаву малітваў за памерлых, у катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне адбылася Эўхарыстыя ў інтэнцыі спачылага духавенства Гродзенскай дыяцэзіі.

Як паведамляе Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, на святой Імшы сабраліся канонікі катэдральнага капітулу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра, іншыя святары, сёстры законныя і вернікі, якія сваёй малітвай хацелі выказаць удзячнасць за дабро, спазнанае ў жыцці ад духоўных асобаў.

Літургію ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, канцэлебравалі яе біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч i прэзбітэры.

Пастыр Гродзенскай дыяцэзіі прывітаў усіх прысутных і падкрэсліў, што наша малітва — найцудоўнейшы выраз клопату аб памерлых, якіх мы даручаем Божай Міласэрнасці, і сярод якіх таксама святары, што ўдзялялі сакрамэнты і былі слугамі алтара.

З гаміліяй да прысутных звярнуўся віцэ-канцлер біскупскай курыі ў Гродне ксёндз канонік Антоній Грэмза.

Душпастыр заахвоціў вернікаў спадарожнічаць сваім святарам малітвай, каб іх штодзённае служэнне было плённым, а таксама памятаць пра тых, якія пераступілі парог вечнасці.

Ксёндз Антоній нагадаў, што за апошні час з шэрагаў прэзбітэрыя Гродзенскай дыяцэзіі адышоў у вечнасць ксёндз прэлат Антоній Філіпчык, які шмат гадоў быў пробашчам парафіі святога Вацлава ў Ваўкавыску.

Ён таксама адзначыў, што сёлета адзначаецца 80-я гадавіна смерці святароў, якія служылі ў Гродне: капэлана сясцёр назарэтанак і прэфекта школ ксяндза Юстына Скакоўскага, вікарыя гродзенскай Фары ксяндза Казіміра Шыпілы, гвардыяна гродзенскага францішканскага кляштара айца Дыянізія Клімчака. Яны прынялі мучаніцкую смерць з рук гітлераўцаў падчас Другой сусветнай вайны на Фартах у Навумавічах непадалёк ад горада над Нёманам.

У канцы Эўхарыстыі арцыбіскуп Тадэвуш, які ведаў многіх душпастыраў Гродзеншчыны, адзначыў, што сваім руплівым служэннем яны зрабілі вялікі ўнёсак у адраджэнне Каталіцкага Касцёла на Беларусі.

Іерарх пажадаў, каб памяць пра гэтых святароў, апосталаў нашых часоў, якія неслі служэнне ў цяжкія для абвяшчэння Евангелля акалічнасцях, ніколі не згасала ў верніках.

Абноўлена 07.11.2023 13:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа